Улады сарвалі мітынгі Ціханоўскай у Слуцку і Салігорску, пачаліся затрыманні. ФОТА, ВІДЭА


4 жніўня на пляцоўцы, дзе павінен адбывацца агітацыйны мітынг аб’яднанага штабу, зʼявілася габарытная тэхніка і металічныя агароджы. Тое ж самае адбылося ў Салігорску і шэрагу іншых раённых цэнтраў.

У Слуцку да месца правядзення мітынгу прыехалі палівальная машына, трактар, аўтавышка.

Напярэдадні Слуцкі райвыканкам даслаў на імя даверанай асобы Ціханоўскай Мікалая Маслоўскага паведамленне аб тым, што правесці мітынг на заяўленай пляцоўцы не атрымаецца «у сувязі з неабходнасцю правядзення тэрміновых будаўнічых работ».

Пры гэтым заяўку на мітынг у Слуцку давераная асоба дасылала яшчэ 20 ліпеня. Цяпер Маслоўскі адбывае адміністратыўны арышт у ЦІП на Акрэсціна.

Прадстаўніца штабу Святланы Ціханоўскай Вольга Кавалькова распавяла belsat.eu, што тэхніка будзе працаваць на пляцоўцы да 20:00. Мітынг у Слуцку быў запланаваны на 17:30.

«Калі мы прыехалі, там працавалі вялікія машыны, якія быццам рамантавалі заліты дажджом дах. Таксама перад пляцоўкай «Зелянбуд» высаджваў кветкі. Праз гадзіну высветлілася, што яшчэ там прарвала Увесь калапс, які мог здарыцца на пляцоўцы 100 на 100 метраў, здарыўся толькі таму, што туды мусіла прыехаць Святлана Ціханоўская», – распавяла Кавалькова.

Тым не менш, людзі ў Слуцку сабраліся. Па стане на 18.00 там было прыкладна 500 чалавек. На месца прыехаў АМАП, распачаліся затрыманні. Відэа хапуна апублікавала «Наша Ніва».

Людзі скандуюць АМАПу «Ганьба!» Паводле дадзеных праваабаронцаў, у Слуцку затрыманыя каля 15 асобаў.

Салігорск

Таксама паведамляецца, што ў Салігарску на стадыён, дзе павінна адбыцца мерапрыемства, улады прыгналі тэхніку.

«Цяпер мы знаходзімся ў Салігорску, начальнік аддзелу ідэалогіі мясцовага райвыканкаму адмовіўся гаварыць з намі, бо працоўны дзень скончаны. Нейкую інфармацыю па тэлефоне даваць адмовіўся, сказаў, што дашле ліст. У кабінеце адміністрацыі стадыёну міліцыянт зачыніўся, каб не адказваць на пытанні», – паведаміла Кавалькова.

Яна папярэдзіла людзей, што праз перашкоды ўладаў мітынгу там не адбудзецца. Некалькі сотняў чалавек усё адно выйшлі на вуліцы.

Салігорск у чаканні мітынгу, які не адбудзецца.
Фота: «Белсат»
Фота: «Белсат»

Праз некаторы час затрыманні распачаліся і ў Салігорску. АМАП выціскаў людзей з пляцоўкі.

Сярод затрыманых – журналіст выдання «Лідэр-прэсс» Уладзімір Уфімцаў.

Фота “Белсат”
У Салігорску міліцыя выцясняе людзей. Дзяўчына села на знак пратэсту.
Фота: «Белсат»
Фота: «Белсат»

https://www.facebook.com/BELSAT.TV/videos/295415935207910/

Фота: «Белсат»
Фота “Белсат”

Акрамя таго, мітынгі з удзелам давераных асобаў кандыдаткі не адбыліся ў Дзяржынску і Вілейцы. Нагадаем, учора ўлады сарвалі сустрэчу Ціханоўскай з выбарнікамі ў Стоўбцах – на стадыёне нібыта здарылася аварыя.

КА belsat.eu

Стужка навінаў