На акцыях пратэсту ў Расеі затрымалі 350 чалавек


Падчас пратэстных акцый пад назвай «Забастоўка выбаршчыкаў» 28 студзеня па ўсёй Расеі паліцыя затрымала 350 чалавек., паведамляе сайт праваабарончага праекту «ОВД-Инфо».

Больш за ўсё затрыманых – 66 чалавек – ва Уфе. 65 чалавек былі затрыманыя ў Валгаградзе, 51 – у Чэбаксарах. У Маскве паліцыя затрымала 16 чалавек, у Санкт-Пецярбургу – 19.

Пасля затрымання паліцыя адпусціла амаль усіх актывістаў. У Маскве на ноч у аддзяленнях пакінулі супрацоўнікаў Фонду барацьбы з карупцыяй. Напярэдадні ў офіс ФБК уварвалася паліцыя нібыта праз паведамленне аб закладзенай бомбе.

28 студзеня ў дзясятках расейскіх гарадоў прайшла арганізаваная апазіцыянерам Аляксеем Навальным акцыя супраць удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах. Навальнага затрымалі неўзабаве пасля выхаду на Цвярскую вуліцу ў Маскве, але ўвечары адпусцілі без складання пратаколу.

Акцыя прайшла без масавых затрыманняў у Маскве і Санкт-Пецярбургу, хоць у гэтых гарадах яе не ўзгаднілі мясцовыя ўлады. Пратэстоўцы хадзілі па вуліцах да вечара, пакуль канчаткова не разышліся.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў