Ад Лукашэнкі патрабуюць спыніць гвалт у Беларусі.
Еўрапейскі звяз можа пашырыць санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Ад яго патрабуюць пайсці на саступкі і спыніць гвалт супраць беларускага народа. Пра гэта падчас Менскага форуму заявіў міністр замежных спраў Германіі Гайка Маас.
– Паколькі Лукашэнка і яго кіруючая кліка працягваюць спадзявацца на дубінкі замест сур’ёзнага нацыянальнага дыялогу, мы ў Еўрапейскім звязе ўвялі санкцыі і нядаўна зрабілі больш жорсткім іх. І калі Лукашэнка і яго прыхільнікі не саступяць, мы пашырым гэтыя санкцыі. Важна адзначыць, што мы нацэлены пры дапамозе санкцый на слупы рэжыму Лукашэнкі, – адзначыў палітык.
Нагадаем, ЕЗ увёў персанальныя санкцыі супраць Лукашэнкі і яго атачэння восенню. Санкцыі прадугледжваюць замарожванне ў ЕЗ фінансавых актываў асоб і арганізацый, якія трапілі ў спіс, і забарону на выдачу віз у краіны Еўразвязу названым людзям. У санкцыйны спіс патрапіў Аляксандр Лукашэнка і іншыя беларускія чыноўнікі.
Прэзідэнцкія выбары ў жніўні ЕЗ прызнаў неадпаведнымі міжнародным стандартам. Беларускія ўлады абвінавачваюцца ў рэпрэсіях у дачыненні да незалежных кандыдатаў і ў жорсткім разгоне ўдзельнікаў мірных пратэстаў.
«Белсат» у гэтым годзе ўдзельнічае ў форуме ў якасці інфармацыйнага партнёра.
ІК, belsat.eu
Напішы журналісту ліст
Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Андрэева («Белсат»), Дарʼя Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY).
Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх.
Куды пісаць:
Кацярына Андрэева (Бахвалава): 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.
Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.
Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.
Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!