МЗС Францыі аштрафавалі на 450 тысячаў еўраў за нізкую колькасць жанчынаў на важных пасадах


Французская дзяржава аштрафавала МЗС краіны на 450 тысячаў еўраў за недастатковае прызначэнне жанчынаў на вядучыя пасады ў яго структурах у 2017 годзе. Пра гэта паведамляе газета Le Monde.

Згодна з законам ад 2012 году аб парытэтным прадстаўніцтве жанчынаў і мужчынаў, на вядучых пасадах у дзяржаўных ведамствах, а таксама ў буйных фірмах і карпарацыях, павінна знаходзіцца не менш за 40 % жанчынаў. У 2017 годзе паказнік для французскага дыпламатычнага ведамства складаў толькі 29 %.

Як паведаміў газеце Le Monde прадстаўнік МЗС Францыі, ведамства ўсё ж прыклала намаганні і «у 2018 годзе сітуацыя была нармалізаваная – быў дасягнуты паказнік у 39 %». Паводле газеты, МЗС знаходзіцца далёка не на чале спісу парушальнікаў закону ад 2012 года – у прыватнасці міністэрства эканомікі і фінансаў было раней аштрафавана на 1,7 мільёнаў еўраў.

Аналізуючы звесткі аб прызначэннях у МЗС, Le Monde адзначае, што агульная лічба ў той жа час хавае значныя дыспрапорцыі ў гэтай сферы па розных катэгорыях работнікаў. Гэтак, на пасадах амбасадараў у Францыі ў цяперашні час знаходзяцца менш як 26 % ​​жанчынаў. Для жанчын-консулаў паказнік складае яшчэ менш – 24 %.

У той жа час на выканаўчых пасадах, у «катэгорыі С» па французскай тэрміналогіі, налічваецца 64 % прадстаўніц прыгожага полу. Для вышэйшых катэгорый А і А+ (кіраўнікі аддзелаў і паслы) паказнік складае 34 %. Адзін з супрацоўнікаў МЗС паведаміў Le Monde, што нізкая колькасць жанчынаў на вядучых пасадах шмат у чым звязана з недахопам жаночых кадраў у дыпламатычнай сферы краіны. Сітуацыя ўскладняецца і тым, што па існых правілах на вядучых пасадах у МЗС ратацыя павінна адбывацца кожныя тры-чатыры гады.

Hавiны
Гендарная роўнасць у Беларусі вышэй, чым у Расеі, але горш, чым у краінах ЕЗ
2019.03.01 17:28

СК, belsat.eu

Стужка навінаў