Гендарная роўнасць у Беларусі вышэй, чым у Расеі, але горш, чым у краінах ЕЗ


Узровень гендарнай роўнасці ў Беларусі супастаўны з узроўнем ва Украіне і Азербайджане. У суседніх краінах ЕЗ ён вышэй, а вось у Расеі – ніжэй. Такія звесткі агучваюцца ў даследаванні «Жанчыны, бізнес і закон-2019», якое правёў Сусветны банк. У ім была прааналізавана сітуацыя з правамі жанчын у 187 краінах свету.

Гендарная сітуацыя ацэньвалася па такіх параметрах, як аплата працы, працаўладкаванне, вядзенне ўласнага бізнесу, кіраванне актывамі, пенсійнае забеспячэнне, свабода перамяшчэння, а таксама шлюб і наяўнасць дзяцей.

Адзнака ставілася па 100 бальнай шкале, дзе 100 – найлепшы вынік. Самыя праблемныя моманты ў Беларусі – гэта працаўладкаванне і аплата працы, былі ацэненыя ў 50 балаў.

Катэгорыі «вядзенне ўласнага бізнесу» і «пенсійнае забеспячэнне» эксперты Сусветнага банку ацанілі ў 75, а «наяўнасць дзяцей» – у 80 балаў.

Па параметрах «свабода перамяшчэння», «кіраванне актывамі» і «знаходжанне ў шлюбе» Беларусь атрымала па 100 балаў. У выніку агульная ацэнка нашай краіны па гендарнай роўнасці ў даследаванні склала 78,75 балаў.

Пры гэтым суседнія краіны, якія ўваходзяць у ЕЗ, апярэдзілі Беларусь у рэйтынгу. А Латвія наагул трапіла ў лік лідараў, паколькі па ўсіх параметрах атрымала па 100 балаў.

У той жа час Расея набрала 73,13 балаў. Столькі ж атрымалі Бурундзі, Марока і Уганда.

Лепшую агульную ацэнку ў 100 балаў атрымалі 6 краінаў. Акрамя Латвіі гэта – Бельгія, Данія, Францыя, Люксембург і Швецыя.

Таксама 9 дзяржаваў атрымалі ацэнку ў 97,5 балаў. Сярод іх: Аўстрыя, Канада, Эстонія, Фінляндыя, Грэцыя, Ірландыя, Партугалія, Іспанія і Вялікая Брытанія.

Варта адзначыць, што ў сусветным рэйтынгу лепшых краінаў для жанчын «Best Countries for Women 2019» Беларусь заняла 48-е месца з 80 дзяржаваў.

Hавiны
«Цудоўныя жанчыны»: сацыяльныя актывісткі распавялі як змяніць свет да лепшага
2019.01.27 08:00

жанчыны

СК, belsat.eu, паводле thinktanks.by

Стужка навінаў