Мянчук пра ноч на плошчы Пераменаў: «Да нас у дзверы ламаліся, але, паколькі мы не падавалі прыкметаў жыцця, усё абышлося»


«Белсат» пагутарыў з пратэстоўцам, які правёў ноч у адным з дамоў на плошчы Пераменаў у Менску. Праз гвалтоўныя дзеянні сілавікоў, якія напярэдадні ўвечары шукалі актывістаў у дварах на вуліцы Чарвякова, дзясяткі людзей былі вымушаныя хавацца ў кватэрах неабыякавых менчукоў.

Мінулую ноч Мікалай разам з сябрамі правялі ў адным з дамоў на плошчы Пераменаў. Хлопцам удалося пазбегнуць затрымання: на ноч іх прытулілі ў сябе мясцовыя жыхары.

«План маршу нам вельмі не спадабаўся, таму на «Пушкінскую» мы не паехалі, а адразу пайшлі ўчатырох да плошчы Пераменаў. Дайшлі без праблемаў: нас ніхто не затрымліваў і не спыняў, – распавядае Мікалай. – На плошчу мы прыйшлі прыблізна а другой гадзіне дня».

Сілавікі на плошчы Перамен у Менску, 15 лістапада.
Фота: АВ / «Белсат»

Потым пачаўся разгон з ужываннем святлошумавых гранатаў. Некаторыя разышліся, але Мікалай з сябрамі засталіся.

«Праз некаторы час, прыблізна праз гадзіну, мы для бяспекі сышлі ў дом на Смаргоўскім тракце, падняліся на адзін з паверхаў і стаялі там хвілінаў 40. Адна група сілавікоў адышла, нам сталі тэлефанаваць знаёмыя ды казаць, што нас атачаюць з усіх бакоў, таму пастанавілі заставацца ў доме», – дзеліцца ўражаннямі Мікалай.

Хлопцы стаялі са сцягам на гаўбцы. Калі пачаўся разгон, сілавікі пачалі страляць у іхны бок, але не патрапілі. Заставацца там было небяспечна, і Мікалая з сябрамі пусцілі да сябе мясцовыя жыхары.

Затрыманні на плошчы Пераменаў. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2020 году.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

«Спачатку ў кватэры было чалавек дванаццаць. Вымкнулі святло, амаль не рухаліся. Да нас у дзверы ламаліся, але, паколькі мы не падавалі прыкметаў жыцця, усё абышлося, дзверы не ламалі, – распавядае Мікалай. – Хаця гаспадары ў чаце прачыталі, што на верхніх паверхах дзве кватэры нібыта ўскрывалі».

У суседняй кватэры, паводле хлопца, таксама хавалі людзей. Але нешта пайшло не так, і гаспадарам давялося адчыніць дзверы сілавікам.

«Там было пяцёра чалавек: дваіх схавалі ў канапу, таму іх не знайшлі, а траіх забралі. Недзе а трэцяй уначы мы перайшлі ў тую кватэру, бо вырашылі, што туды больш не прыйдуць. Раніцай падлічылі, колькі нас: было больш за 30 асобаў. Зразумела, што спалі абы-як, чымсьці нас падкармілі гаспадары – прапанавалі гарбату, каву», – кажа Мікалай.

Імаверна супрацоўнікі ГУБАЗіК дзяжураць на лесвічных клетках у дамах каля плошчы Перамен.
Фота: «Белсат»

А 9:30 хлопцы даведаліся ад гаспадароў, што сілавікі сышлі і засталіся толькі некалькі чалавек ля муралу – звычайныя пэпээснікі ў масках. Выходзілі групамі па 2-3 чалавекі, кажа наш суразмоўца:

«Людзей забіралі валанцёры і дапамагалі дабрацца дамоў. Нас везла былая міліцыянтка, якая звольнілася 12 жніўня і цяпер дапамагае пратэстоўцам. Я ўжо на працы жывы і здаровы».

  • У выніку гвалтоўных дзеянняў сілавікоў 15 лістапада ў Менску былі затрыманыя больш за 1100 чалавек.
  • Народны мемарыял памяці забітаму Раману Бандарэнку міліцыянты зруйнавалі ўвечары 15 лістапада. 31-гадовы
  • Раман Бандарэнка памёр 12 лістапада, ягонага цела дасюль не аддалі родным.

МД belsat.eu

Стужка навінаў