«Муштра разгонаў». Шчырая размова з былым салдатам унутраных войскаў


Наш суразмоўца Кірыл (імя змененае на просьбу хлопца) паўтара года адслужыў ва ўнутраных войсках. Пасля службы, з траўня, яго нічога не звязвала з сілавымі структурамі. Але некалькі тыдняў таму Telegram-канал NEXTA дадаў ягонае імя ў спіс карнікаў Беларусі. Хоць Кірыл на момант прэзідэнцкай кампаніі не меў ніякага дачынення да сілавікоў, працуе паводле звычайнай цывільнай спецыяльнасці. Адмыслова для «Белсату» Кірыл распавёў, як выглядае служба ва ўнутраных войсках, як салдатаў трэнуюць разганяць мітынгі і што ён думае пра народную помсту.

Унутраныя войскі ў цэнтры Менску.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

«Ці можаце вы стрэліць у чалавека?»

Кірыла паклікалі да войска ў лістападзе 2018 года. Хлопцу запрапанавалі служыць ва ўнутраных войсках, куды ён прайшоў без цяжкасцяў: не было татуяванняў, адміністратыўных правапарушэнняў, добра вучыўся.

Сярод цікавінак Кірыл прыгадвае, што падчас сумоўя яго запыталі, ці гатовы выканаць загад – стрэліць у чалавека.Тады хлопец не разумеў, навошта пра гэта пытаюць. Прызнаецца, што наагул не ведаў пра такую структуру – унутраныя войскі:

«Для мяне ўсе вайсковыя часткі былі на адзін твар».

Але адсутнасць ведаў не зашкодзіла трапіць менавіта туды. Перадусім Кірылу спадабалася, што частка была каля роднага гораду.

Вайсковы білет нашага героя. На ім бачна, што ён пачаў службу ў лістападзе 2018 года. Фота: архіў героя
вайсковы білет, войска, унутраныя войскі, армія, разгоны пратэстаў
Вайсковы білет нашага героя. На ім бачна, што ён пачаў службу ў лістападзе 2018 года. Фота: архіў героя
вайсковы білет, войска, унутраныя войскі, армія, разгоны пратэстаў

Не вельмі прыязная атмасфера

Кірылава частка патрулявала вуліцы буйнога гораду паблізу. З чацвярга да нядзелі некалькі ротаў, за кожнаю з якіх быў замацаваны свой раён, сачылі за парадкам, а ў аўторак і сераду мелі спецыялізаваныя заняткі. Панядзелак – выходны.

Атмасферу хлопец апісвае як не вельмі прыязную. З плюсаў – ва ўнутраных войсках зусім няма дзедаўшчыны. Служба там трымаецца на дысцыпліне.

«Усё паводле статуту, вельмі таталітарная абстаноўка. Але таму ў войску няма аніякіх злачынстваў. Дый саслужыўцы з павагаю ставіліся адно да аднаго», – апісвае Кірыл сваю службу.

Ва ўнутраных войсках салдатаў чакае ўзмоцненае рыхтаванне: фізічныя практыкаванні штодня, бег, адцісканні па паўгадзіны зранку, ідэалагічныя заняткі, агнявое навучанне. І ўсё вельмі сур’ёзна, не для галачкі.

Шчыра кажучы
Калі вайскоўцы пяройдуць на бок народу?
2020.12.09 18:30

Імітацыя масавых закалотаў

Найбольш Кірылу запомнілася тактычнае рыхтаванне ўнутраных войскаў. Уласна на гэтым прадмеце прызыўнікоў вучылі разганяць масавыя мерапрыемствы, у тым ліку былі заняткі са шчытамі і дручкамі:

«Мы выстройваліся са шчытамі на пляцы, імітавалі масавыя закалоты. Афіцэры звычайна выконвалі ролю цывільных асобаў, мяцежнікаў, а мы вучыліся ім супраціўляцца. Даводзілася трэнавацца і пад спякотным сонцам».

Кірыл адзначае, што падчас гэтых вучэнняў афіцэры былі значна больш агрэсіўныя за рэальных дэманстрантаў:

«Моцна лупілі нас нагамі, кідалі пакрышкі, піхалі… Вучэнні былі дакладна больш жорсткія, чымся цяперашнія падзеі. Гэта выглядала як муштра».

Кірыл адзначае, што нікому не падабаліся гэтыя заняткі. Часам прызыўнікі падчас іх наўпрост казалі афіцэрам, што ў выпадку рэальных закалотаў яны будуць не са шчытамі і дручкамі, а з другога боку.

Менск, Беларусь. 22 лістапада 2020 году.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Адмовішся – будуць называць хлюпікам

Ці мае салдат магчымасць адмовіцца ад выканання злачыннага загаду? Кірыл кажа, паводле права – так:

«Перад кожным выездам на службу палкоўнік дае загад. Ён доўгі, напісаны афіцыйнаю моваю. Напрыканцы ёсць цікавае ўказанне: хто не можа несці службу паводле сваіх рэлігійных, палітычных перакананняў або паводле стану здароўя, можа выйсці. Ужо пасля маёй дэмабілізацыі адзін хлопец адмовіўся выконваць загад. А потым яго пачалі цкаваць».

Кірыл зазначае, што атмасфера ў войску можа стаць больш напружанаю. Калі раней салдатаў маглі змушаць адпісвацца ад крамольных Telegram-каналаў, то ўжо падчас прэзідэнцкай кампаніі іх пачалі агароджваць ад любой непажаданай інфармацыі ды ствараць інфармацыйны вакуум.

«Падчас маёй службы не было яшчэ адкрытай нянавісці да людзей. А, магчыма, цяпер пратэстоўцаў выстаўляюць як пачвараў», – кажа суразмоўца.

На занятках па ідэалогіі салдатаў вучылі, што трэба любіць сцяг, герб. Асаблівая ўвага надавалася Лукашэнку: ягонае слова – закон, бо ён галоўнакамандуючы. Змушалі завучваць на памяць крымінальны і адміністратыўны кодэксы. Апазіцыю называлі не інакш як «бэчэбэшнікі».

«Самае страшнае – я пачаў лавіць сябе на думцы, што і я так думаю. Але намаганнем волі я адкідваў ад сябе гэтыя адчуванні. Дапамагалі прапагандысцкія прамовы палкоўнікаў: яны чарговы раз даказвалі, што ўсё гэта балбатня і звычайнае прамыванне мазгоў. Варта разумець, што салдатаў ніхто не шануе. Нас проста лічаць гарматным мясам», – прызнаецца хлопец.

Карнікі Беларусі

Пра сваё траплянне ў спіс карнікаў Беларусі аднаго з найбольш папулярных Telegram-каналаў Кірыл даведаўся выпадкова. Паведаміў былы саслужывец, які таксама там апынуўся памылкова:

«Першая рэакцыя – здзіўленне і непрыязнасць. Страху, дарэчы, не было».

Хлопец некалькі разоў пісаў у рэдакцыю, але пакуль безвынікова. Ягонае імя па-ранейшаму застаецца ў спісе.

Напрыканцы пераліку прозвішчаў была прыпіска: «Мы не будзем разбірацца, хто мае рацыю, а хто вінаваты». Хлопца гэта найбольш абурыла:

«Гэтае шаленства, яно спараджае канфлікты сярод сваіх жа! Напачатку сілавікам давалі гарантыі, што ніхто іх не будзе кранаць. А тут ізноў шмат каго незаслужана занеслі спіс карнікаў! Шмат у каго падарваўся давер да Telegram-каналу. Мне ўсё роўна, у мяне рукі чыстыя. Але іншыя…».

Менск, Беларусь. 29 лістапада 2020 году.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Кірыл не адмаўляе, што ёсць у спісе і тыя, хто трапіў туды абсалютна заслужана. Ён пазнаў некаторых сваіх саслужыўцаў, якія не сышлі з унутраных войскаў:

«Шмат на кім з гэтага спісу шапка гарыць. Мае знаёмыя сцвярджаюць, што яны не бяруць удзелу ў разгонах, але праверыць гэта немагчыма. Я схіляюся да рэальнасці: усе баяцца. Бывае, пішу, распытваю, як гэта. Аніякага адказу, выдаляюць з сяброў».

Як гэтыя спісы трапілі да адміністратараў, для Кірыла загадка. Хлопец пацвярджае праўдзівасць звестак пра яго, апублікаваных там. На шчасце, ён не сутыкнуўся з народнаю помстаю:

«Мне здаецца, што людзі больш схільныя тэлефанаваць або штосьці яшчэ рабіць для людзей са сваіх родных мясцінаў. Але самасуд, на маю думку, – гэта прыкмета першабытнасці. Трэба ў любой сітуацыі караць праз суд».

Самасуд і спаленая форма

Кірыл не ўхваляе заклікаў Telegram-каналаў да народнай помсты:

«Лёгка так казаць, калі ты сядзіш у Польшчы. Але людзі могуць быць пакараныя за свае дзеянні рэальнымі тэрмінамі. Цяпер людзей судзяць за надпісы на асфальце, то ўявіце, што можа быць за фізічнае ўздзеянне на міліцыянта».

Жаночы пратэст
АМАП ходзіць па дварах каля плошчы Перамогі падчас жаночай акцыі пратэсту ў Менску. 26 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

Хлопец прызнаецца, што бярэ ўдзел у разнастайных акцыях пратэсту. А пунктам незвароту для яго стала 14 ліпеня, калі не зарэгістравалі самых папулярных кандыдатаў на прэзідэнта – Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу. Тады на вуліцы беларускіх гарадоў выйшлі тысячы людзей. Тады ж упершыню для разгону паклікалі ўнутраныя войскі і АМАП пачаў ужываць грубую сілу.

«У той дзень я спаліў сваю [вайсковую. – Заўвага belsat.eu] форму», – прызнаецца Кірыл.

Але хлопец спадзяецца, што ў гэтай гісторыі – шчаслівы фінал:

«Я малю пра мірнае пераадоленне канфлікту. Перакананы, што ўсе ахвяры былі марныя. Нават у выніку нашай перамогі».

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў