МУС плануе пажыццёва пазбаўляць правоў нецвярозых кіроўцаў


Ведамства не выключае магчымасці пажыццёвага пазбаўлення правоў за кіраванне ў нецвярозым выглядзе. Пра гэта заявіў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч у інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 1».

Кіраўнік МУС распавёў аб прапанове ведамства ўвесці ў Беларусі «бальную сістэму барацьбы са злоснымі парушальнікамі правілаў дарожнага руху». Многія краіны, паводле яго слоў, ужо пайшлі па гэтым шляху.

«Як мы мяркуем, гэта будзе мець прафілактычны эфект. Гэта будзе дастаткова сурʼёзнае пакаранне за ігнараванне правілаў дарожнага руху», – адзначыў Шуневіч.

«Думаю, калі пасля ўвядзення гэтых дадатковых нормаў сітуацыя на дарогах не стане значна лепш (а мы мяркуем, што так павінна адбыцца), мы будзем прапаноўваць пазбаўленне права кіравання транспартным сродкам і канфіскацыю транспартных сродкаў пасля першага затрымання ў стане алкагольнага апʼянення. Аж да пажыццёвага», – падкрэсліў міністр.

У інтэрвʼю міністр таксама выказаў упэўненасць, што падчас II Еўрапейскіх гульняў атрымаецца забяспечыць высокі ўзровень бяспекі: працаўнікі органаў унутраных спраў цяпер праходзяць адмысловую падрыхтоўку. На час правядзення спартыўнага форуму міліцыянты будуць пераведзены на ўзмоцнены варыянт нясення службы.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў