Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю плануе выпускаць у Беларусі смартфоны


Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю абнавіла пералік тавараў, прапанаваных для імпартазамяшчэння ў Беларусі. У яго трапіла шмат тэхналагічных прыладаў – напрыклад, «смартфоны і іншыя апараты мабільнай сувязі». Смартфоны ў дакуменце змясцілі ў катэгорыю тавараў, якія наогул не вырабляюцца ў Беларусі.

Ведамства адзначае, што рынку патрэбныя «смартфоны з хуткасным Інтэрнэтам, поштай, магутнай аперацыйнай сістэмай, праграмамі якія дазваляюць рэдагаваць фотаздымкі, тэкставыя дакументы».

Смартфоны ўжо траплялі ў пералік для імпартазамяшчэння на 2016 год. У 2017 годзе смартфоны з пераліку прыбралі, а ў 2018 – зноў дадалі.

Таксама ў дакуменце ёсць планшэтныя персанальныя кампутары, ноўтбукі (нетбукі), манаблокі, аўтамагнітолы, аўтамабільныя відэарэгістратары, GPS-навігатары, DVD-дыскі, USB-карты памяці, телефаксы, фотаапараты лічбавыя, кампутарныя мышы і многае іншае.

Усяго ў спісе 219 пазіцыяў.

 

ІІ, belsat.eu, TUT.by

Стужка навінаў