Міністарка працы не выключыла росту дапамогі па беспрацоўі і зменаў у «дармаедскім дэкрэце»


Магчымасць павышэння дапамогі па беспрацоўі, якая анансавалася ў краіне раней, пакуль не выключаецца, заявіла міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, адказваючы сёння на пытанні журналістаў.

Яе міністэрства не здымае з парадку дня ўдасканаленне дапамогі беспрацоўным.

«Сёння сярэдні памер дапамогі – 27 рублёў. Мы разумеем, што гэта досыць маленькая велічыня. У 2019 годзе пры Палаце прадстаўнікоў будзе створана рабочая група па ўнясенні змяненняў у закон аб занятасці насельніцтва. Адзін з механізмаў, які будзе прапрацоўвацца, – дапамога па беспрацоўі.

Мы разумеем, што гэта дадатковыя выдаткі з бюджэту, але краіна сёння вызначыла два напрамкі палітыкі занятасці: актыўная і пасіўная. Дапаможнікі – гэта пасіўны механізм палітыкі занятасці, актыўны – гэта максімальна аказаць чалавеку садзейнічанне ў занятасці і і скараціць тэрмін пошуку працы», – цытуе Касцевіч БелТА.

Таксама міністарка заявіла, што некаторыя нормы абноўленага Дэкрэту №3 будуць перагледжаныя, перадае Радыё Свабода. У прыватнасці, гэта датычыць сітуацыі, калі беспрацоўныя грамадзяне, якія плацяць падаткі са сваіх даходаў, трапляюць у лік «дармаедаў».

«Мы бачым шмат нестандартных сітуацый, і трэба ўсё гэта ўважліва вывучыць і далей працягваць развіваць. Мы будзем уносіць змены ў гэты дакумент і не ставім у гэтай справе тлустай кропкі. Жыццё пакажа, што патрэбна выправіць, і мы гэта выправім», – сказала Касцевіч.

Аб’ектыў
Працоўнага залічылі ў дармаеды і «нічым не могуць дапамагчы»
2018.12.13 21:49

КА, belsat.eu

Стужка навінаў