Працоўнага залічылі ў дармаеды і «нічым не могуць дапамагчы»


Скарэктавалі «дэкрэт аб дармаедах». Урад пашырыў пералік грамадзянаў, якіх не будуць уключаць у лік не занятых у эканоміцы. Аднак, напрыклад, героя нашага наступнага матэрыялу прызналі дармаедам ня гледзячы на тое, што ён працуе! І плоціць падаткі за мяжою.

Са Светлагорску ў сонечны Ізраіль, ды не на адпачынак, а на працу Ігар Песікаў вылецеў у 2016-ым годзе:

«Я працую афіцыйна, мой працадаўца плоціць падаткі за мяне ў Ізраілі».

За мяжу майстар спорту, байдарачнік, выкладчык з 25-гадовым стажам – мусіў выехаць… пасля пяці гадоў безвыніковага змагання ў судах за права працаваць па спецыяльнасці. Ігар Песікаў, жыхар Светлагорску (29.07.2015):

«Заява мая, як сказаў сёння на судзе дырэктар, дзесьці там валяецца ў ягонай шафе і ён можа яго прынесці і аддаць»

Цяпер перад мужчынам новы выклік – на Радзіме яго запісалі ў гэтак званую «базу дармаедаў», а таму са студзеня ён мае ў поўным памеры аплочваць камунальныя паслугі. Праваабаронцы абураюцца!

«Гэта абсалютны нонсэнс! Калі ёсць пагадненне паміж дзвюма дзяржавамі, як паміж Беларуссю і Ізраілем… Чалавек афіцыйна адпрацаваў, афіцыйна заплаціў падатак. Чаму прыехаўшы сюды ён мае быць на ўліку ў базе дармаедаў, і апроч таго плаціць падатак тут!» – абураецца праваабаронца Алена Маслюкова.

Кола беларусаў, якіх залічылі ў дармаеды, вырасла да 500 тыс. чалавек. Працадаўцы штомесячна будуць рапартаваць пра сваіх працаўнікоў.

«Дзяржава рэгулюе іхнае жыццё ўмешваецца татальна ў прыватнасць. Гэтым парушаюцца асновы Заканадаўства, усе Канстытуцыйныя правы», – каментуе кажа Уладзімір Хільмановіч, праваабаронца.

Саўмін пастанавіў, што дармаедамі не будуць лічыць няпоўнагадовых, уласнікаў маёмасці камерцыйных арганізацыяў, апроч акцыянерных таварыстваў. А таксама сужэнцаў маладых адмыслоўцаў, якія працуюць паводле размеркавання, сужэнцы дыпламатаў і вайскоўцаў-кантрактнікаў. Без пераследу за беспрацоўнасць пакінулі бацькоў дашкольнікаў, асобаў перадпенсійнага ўзросту ды шпіталізаваных псіхічна хворых.

«Атрымліваецца як у класіка – ёсць роўныя перад законам а ёсць раўнейшыя. Чаму гэтыя грамадзяне вылучаныя ў нейкую асобную касту, у чым юрыдычная логіка – вельмі цяжка прасачыць. Можа яна і ёсць, але ніхто не тлумачыць, як звыкла», – кажа Уладзімір Хільмановіч, праваабаронца.

Даведацца пра свой статус можна праз Адзіны партал электронных паслуг ці службу «адно акно», як гэта і зрабіў жыхар Салігорску Ігар Песікаў. На сустрэчу са скліканай у яго пытанні камісіяй журналістаў не пусцілі, а спадара Ігара здзівілі прапановаю працы… памочнікам няні ў дзіцячым садку! Ігар Песікаў, жыхар Светлагорску:

«Для таго каб не парушаць Канстытуцыйныя правы грамадзянаў, яны маюць прадставіць ім працу, адэкватную кваліфікацыі, адукацыі і стажу працы. Але яны не змогуць знайсці 500 тыс. працоўных месцаў».

Застацца без такой лічбы падаткаплатнікаў – не могуць таксама. Ігар Песікаў адляцеў на працу ў Ізраіль, а на Радзіме гэтак і застаўся дармаедам. Камунальныя плацяжы для ягонай сям’і ўзрастуць ужо праз месяц.

Юлія Цяльпук, belsat.eu