Мінабароны Беларусі прадумае, што рабіць з войскамі ЗША ў Літве


Кіраўнік Беларусі даручыў дзяржаўнаму сакратару Савету бяспекі і міністру абароны распрацаваць план дзеянняў для рэагавання на размяшчэнне ў Літве каля беларускай мяжы бранятанкавай тэхнікі і кантынгенту ўзброеных сілаў ЗША.

Танкі, БМП і 500 амерыканскіх жаўнераў за 15 км ад мяжы з Беларуссю

Як паведаміў дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Станіслаў Зась, у Літву, на палігон Пабрадзе за 15 км ад мяжы, ужо прыбываюць амерыканскія вайскоўцы, піша БелТА.

Ён падкрэсліў, што ў гэтай сітуацыі нельга быць проста назіральнікам. Прапановы адносна рэагавання на гэты факт будуць пакладзеныя Аляксандру Лукашэнку ў пачатку наступнага тыдня.

Паводле Зася, Беларусі такая напружанасць у стасунках з Літвой непатрэбная.

У Літву прыбылі амерыканскія танкі і баявыя машыны пяхоты

Тое ж самае датычыць і пытання заклапочанасці беларускага боку з нагоды маштабных вучэнняў NATO «Defender Europe», якія плануецца правесці вясной 2020 года. У манеўрах на тэрыторыі 10 еўрапейскіх краін, у тым ліку ў Польшчы, Літве і Латвіі, чакаецца ўдзел вайскоўцы 18 дзяржаваў.

Як адзначыў дзяржаўны сакратар, асаблівасцю вучэнняў з’яўляецца план адпрацаваць перакіданне войскаў ЗША на еўрапейскі кантынент. На яго думку, адбываецца мілітарызацыя рэгіёну.

МГ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары