Міліцыянты вінавацяць актывістку ў крадзяжы, яна кажа, што гэта дыскрэдытацыя


Алену Луцковіч, лідарку моладзевага крыла АГП «Маладыя дэмакраты» вінавацяць у крадзяжы 125 грамаў сыру з крамы «Еўраопт» у Гомлі. Актывістка ў сваю чаргу запэўнівае, што разлічылася за ўсё на касе і нічога не крала, бо пішчалка на ўваходзе не спрацавала.

Справа, на думку Алены Луцковіч, выглядае вельмі дзіўна. Актывістка адзначае, што даведалася ад маці, якая глядзела мясцовы канал.

«У краме нехта скраў сыр. Факт крадзяжу быў выяўлены 24 ліпеня. Пазней адзін з ахоўнікаў крамы пабачыў на відэаздымках жанчыну, падобную на мяне. І толькі 30 кастрычніка супрацоўнікі крамы напісалі заву ў міліцыю аб крадзяжы сыру. З таго моманту і распачалася праверка, першапачаткова быў нейкі артыкул крымінальнага кодэксу. Але цяпер міліцыянты вырашылі адмовіць у завядзенні крымінальнай справы, а мяне прыцягнулі да адказнасці паводле адміністрацыйнага кодэксу. Прычым без суду мяне прызналі вінаватай у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння», – кажа Алена Луцковіч.

Алена Луцковіч адзначыла, што не разумее, навошта міліцыянтам трэба ганьбіць яе на ўвесь раён.

«Відэа, размешчанае на сайце УУС, дзе нібыта бачна, як я ўчыніла злачынства, вельмі кепскай якасці. Бо агулам камеры назірання ў крамах «Еўраопту» вельмі добрыя і пашырэнне вельмі высокае. А тут, як мне сказаў адзін з знаёмых, які працуе з мантажам, якасць вельмі пагоршаная адмыслова. Ды і наагул з відэа не вынікае, што нібыта я нешта скрала ў краме. Там бачна ў некаторых кадрах толькі мае рукі», – кажа актывістка.

ВІДЭА
У ліпені гомельская актывістка рабіла закупы ў «Еўраопце». Цяпер яе шукаюць за «магчымы крадзеж»
2018.11.09 15:03

СК, belsat.eu

Стужка навінаў