У ліпені гомельская актывістка рабіла закупы ў «Еўраопце». Цяпер яе шукаюць за «магчымы крадзеж»


Пра тое, што праваахоўнікі чацвёрты месяц не могуць знайсці лідарку моладзевага крыла АГП «Маладыя дэмакраты», Алена Луцковіч даведалася ад маці, якая глядзела мясцовы канал.

Тэлерадыёкампанія «Гомель» паказала сюжэт са змантаваным відэа з камераў назірання, на якіх бачна Алену Луцковіч. Яна ходзіць па краме, выбірае прадукты, кладзе ў кошык, на касе разлічваецца і выходзіць. Вядоўца кажа, што жанчына падазраюць у «магчымым крадзяжы».

Ролік з’явіўся на старонцы гомельскага УУС і ў сацсетках.

«Я спачатку хацела патэлефанаваць у міліцыю, высветліць, але не стала. Бо гэта проста смешна – калі нейкі пікет ці акцыя, міліцыя каля маіх дзвярэй адразу. А тут тры месяцы мяне шукаюць і не могуць знайсці. Але міліцыя дакладна ведае, хто я, як мяне завуць, ведае і адрас, і мабільны. Я не разумею, навошта ім трэба мяне ганьбіць на ўвесь раён», – піша актывістка.

8 лістапада пасля распаўсюду відэа пра яе ўспомнілі і патэлефанавалі. Участковы запрасіў прыйсці і даць тлумачэнні. Што цікава, дырэктарка крамы напісала заяву на невядомую, а ўчастковы сказаў ёй, што менавіта на яе асабіста. Пры гэтым позву Алене Луцковіч не даслалі.

Спадарыня Алена запэўнівае, што разлічылася за ўсё на касе і нічога не крала, бо пішчалка на ўваходзе не спрацавала.

У міліцыі ж кажуць, што ідзе праверка.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў