Міліцыя не пусціла журналістаў на адкрыты суд над экс-кіраўніком магілёўскага філіялу «Белгазпрамбанку»


28 студзеня ў судзе Кастрычніцкага раёну Магілёва працягнуўся разгляд крымінальнай справы былога дырэктара магілёўскай абласной дырэкцыі «Белгазпрамбанку» Сяргея Кармызава. Але журналістаў, якія асвятлялі гэты судовы працэс, на паседжанне не пусцілі.

Цімур Пахоменка не пускае журналіста Уладзіміра Лапцэвіча на суд Сяргея Кармызава.
Фота: Белсат

Каго пускаць, а каго не пускаць на суд да Кармызава, загадваў асабіста начальнік аддзелу аховы грамадскага правапарадку Ленінскага РАУС Цімур Пахоменка. Ён дазволіў сабе назваць «лішнімі людзьмі» журналістаў незалежных медыяў.

«У зале ўжо няма месцаў. Вы не можаце прайсці. Гэта для бяспекі ўдзельнікаў працэсу», – сказаў міліцыянт, які ахоўваў калідор у судзе.

Hавiны
У справе былога дырэктара магілёўскага філіялу «Белгазпрамбанку» выступілі галоўныя сведкі
2021.01.25 21:47

На просьбу спраўдзіць, колькі насамрэч людзей сядзіць у зале, міліцыянт адрэагаваў адмоваю. Хаця раней, акрамя журналістаў, на суд да Кармызава слухачы амаль не прыходзілі, а сёння раптам іх прыйшло так шмат, што журналістам не знайшлося месца.

Суддзя Жанна Пушкіна, якая разглядае справу Сяргея Кармызава, на пытанне, чаму міліцыя не пускае журналістаў у залу, папрасіла «адчапіцца ад яе» і схавалася ў сваім кабінеце.

Журналісты, якіх не пусцілі на адкрытае судовае паседжанне, напісалі скаргі і папрасілі прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Начальнік аддзелу аховы грамадскага правапарадку Ленінскага РАУС Магілёва Цімур Пахоменка замінае журналістам спусціцца на паверх, дзе судзяць Кармызава.
Фота: Белсат

«Калі судовае паседжанне адкрытае, то павінны пускаць усіх, хто жадае на ім прысутнічаць. У адваротным выпадку парушаецца прынцып галоснасці судовых паседжанняў.

Я б раіў падвіноўнаму падаваць скаргу на тое, што пры разглядзе справы парушаўся прынцып галоснасці судовага паседжання. А гэта ўжо важкая падстава для абскарджання выраку ў справе», – пракаментаваў юрыст БАЖ Алег Агееў.

Сяргея Кармызава судзяць паводле ч. 1. арт. 426 Крымінальнага кодэксу. Нібыта ён за грашовае ўзнагароджанне дапамагаў людзям атрымліваць крэдыты. Справу Кармызава асвятлялі на БТ і звязалі з дзейнасцю Віктара Бабарыкі. Сёння паказанні павінен быў даваць якраз Сяргей Кармызаў. Нядопуск журналістаў на гэтае паседжанне яшчэ раз пацвярджае палітычны ўхіл гэтай справы.

Вольга Васільева, «Белсат»

Стужка навінаў