Менск хоча 1 млрд расейскага крэдыту. Эксперт тлумачыць, чаму Масква не адмовіць


Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы ў Менску. Фота kremlin.ru

Беларусь і Расея вядуць перамовы аб выдзяленні у 2019 годзе расейскага дзяржкрэдыту на 1 млрд долараў на рэфінансаванне вонкавых даўгоў Беларусі.

Пра гэта журналістам паведаміў першы намеснік прэм’ер-міністра Васіль Мацюшэўскі, перадае ТАСС.

«Праца вядзецца, дастаткова канструктыўнае ўзаемадзеянне. Мы не драматызуем, але ёсць пытанні, і мы на іх адказваем, – сказаў ён. – Нашая стратэгія – не нарошчваць даўгавыя абавязацельствы».

Мацюшэўскі ўдакладніў, што 2019 годзе Беларусь павінна выплаціць 3,7 млрд долараў па знешніх абавязацельствах, 50% выплат плануецца рэфінансаваць. Для гэтага Беларусь збіраецца прыцягнуць у тым ліку сродкі ад размяшчэння аблігацый на кітайскім рынку і на ўнутраным рынку краіны.

Эксперт: Расея працягне падтрымліваць лаяльнасць нешматлікіх сяброў

Старэйшы аналітык Alpari Вадзім Іосуб у размове з belsat.eu адзначыў, што перспектыва прадстаўлення такога крэдыту ад Расеі цалкам рэальная.

«Расея – адна з асноўных крыніцаў беларускага крэдытавання. Нароўні з Еўразійскім банкам развіцця РФ дае Менску незвязаныя крэдыты. Бо ў тым жа Кітаі Беларусь бярэ звязаныя крэдыты, прызначаныя для паставак кітайскага абсталявання, аплаты працы кітайскіх рабочых і г.д.

Хоць дачыненні паміж Масквой і Менскам у апошні час складваюцца няпроста, Расея працягне падтрымліваць лаяльнасць нешматлікіх сяброў менавіта такім чынам. Калі параўнаць з папярэднімі гадамі, то нягледзячы на перыядычныя гандлёвыя войны, абвінавачванні ў кантрабандзе, Расея заўжды пагаджалася выдаваць крэдыты Беларусі», – мяркуе эксперт.

«Абмежаванне паставак нафтапрадуктаў можа выклікаць эфект стагнацыі»

Як паведамлялася раней, Расея можа з чацвёртага квартала 2018 года абмежаваць бязмытныя пастаўкі нафтапрадуктаў і звадкаваных вуглевадародных газаў (СУГ) у Беларусь. Сёння Васіль Мацюшэўскі заявіў, што ніякай пагрозы ў абмежаванні паставак Менску расейскіх нафтапрадуктаў няма. Перамовы на гэтую тэму, паводле яго слоў, вядуцца на ўзроўні віцэ-прэмʼераў.

«Да заяваў такога кшталту варта ставіцца крытычна. Дамоўленасці па пастаўках нафтапрадуктаў заўжды былі максімальна непразрыстымі. Праўды мы тут, хутчэй за ўсё, не даведаемся або атрымаем інфармацыю ўжо па факце, калі бакі дамовяцца. Можна ўзгадаць абмежаванне на пастаўкі расейскай нафты ў 2016 годзе. Гісторыя цягнулася да першага кварталу 2017-га і суправаджалася шэрагам уцечак. У прыватнасці, выданне «Коммерсант» тады публікавала шмат супярэчлівых звестак: то дамовіліся, то не дамовіліся», – кажа Вадзім Іосуб.

Паводле яго, калі гэтым разам Масква сапраўды скароціць пастаўкі нафтапрадуктаў і СУГ у Беларусь, гэта паступова прывядзе да эканамічнай стагнацыі ў краіне.

«У першую чаргу, гэта адабʼецца на прыбытку бюжэту – адпаведна, і на магчымасці дзяржавы павышаць заробкі бюджэтнікам. Наўрад ці можна прагназаваць падзенне заробкаў, але эфект стагнацыі, безумоўна, будзе заўважны».

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары