Зранку 31 студзеня Галіна Ігнатовіч забралася на кран на будоўлі ў пасёлку Лебядзіным на знак пратэсту супраць нязручнай для яе кампенсацыі за знос яе дому. Яе шпіталізавалі з пераахалоджваннем.
Мы распыталі жыхароў Менску пра ўчынак Галіны Ігнатовіч. Некаторыя апытаныя мяркуюць, што такім чынам яна нічога не дабʼецца.
«Яна гэтым нічога не дабʼецца, але яе давялі да бязвыхаднасці і напэўна іншага выйсця ў яе няма», – кажа мінак.
«Залезці на кран толькі шкода для сябе», – мяркуе жанчына.
«15 содняў ёй дадуць, што яна на кран залезла», – абураецца мужчына.
«Я лічу, што караць яе не трэба. А дабʼецца? Ніфіга не дабʼецца яна, бо мы ў такой краіне жывем. А ўвогуле павінны пайсці насустрач», – кажа жанчына.
Ёсць і тыя, хто падтрымлівае такія дзеянні.
«Калі гэта будзе адзін выпадак, то паглядзяць, падумаюць, калі ўвойдзе ў сістэму, то ўладам прыйдзецца рэагаваць», – кажа мужчына.
«Калі ў яе няма іншых варыянтаў, магчыма так», – мяркуе мужчына.
«На жаль, без такіх прызываў дамагчыся чагосьці вельмі цяжка. Хаця б так, гэта вызаў, і гэта яе пазіцыя», – мяркуе жанчына.
«Толькі такім чынам можна прыцягнуць да сябе ўвагу», – выказваецца мужчына.
«Ужо адзін дамогся такім спосабам заробку, калі іншыя метады не працуюць то і такім можна паспрабаваць», – кажа мужчына.
ДР belsat.eu