Жанчыне, якая забралася на кран, стала кепска


Галіна Ігнатовіч нязгодная з формай кампенсацыі за знос свайго дому. На знак пратэсту яна залезла на будаўнічы кран.

Ранкам 31 студзеня на кран на будоўлі ў Менску забралася Галіна Ігнатовіч, якая патрабуе справядлівай кампенсацыі за знос свайго дома ў пасёлку Лебяжы. Патрабаванні ў пісьмовай форме жанчына пакінула ўнізе.

Дом сям’і Ігнатовічаў павінен знесці забудоўшчык «Тапас» пад будаўніцтва свайго комплексу «Алімпік Парк». Але кампенсацыя, якую прапанаваў забудоўшчык некалькім сем’ям, – а гэта тры не новыя кватэры – людзей не задаволіла.

Сёння яе сям’ю павінныя былі прымусова выселіць судовыя выканаўцы.

Нявестка Святлана паспрабавала ўгаварыць Галіну спусціцца, дабралася да сярэдзіны вышыні крана, але Галіна прыстрашыла саскочыць уніз – і Святлане давялося спусціцца.  Пра праблему Белсат распавядаў раней.

Ратавальнікі разгарнулі пад кранам надзіманую канструкцыю.

Прыбыло кіраўніцтва раёну і старшныя ГУУС Менгарвыканкама Аляксандр Барсукоў, які абяцаў Галіне Канстанцінаўне, што калі яна спусціцца, гатовы асабіста адвезці яе на перамовы са старшынём Менгарвыканкаму Андрэям Шорцам.

Калі Галіна Ігнатовіч запатрабавала прэсу, міліцыянты выціснулі ўсіх з будоўлі.

«Я сам не ведаю, на якіх умовах яна гатовая спусціцца, – цытуе сына Галіны Канстанціна TUT.BY. – Яна ўсё ўпотай гатавала. Учора проста сям’і сказала, што ў яе ёсць два планы. Але ніхто не думаў, што сярод іх можа быць такой».

Уся сям’я Ігнатовіч сабралася на будоўлі, дзеці ўгаворваюць спадарыню Галіну спусціцца, але яна адмовілася.

А 10:45 да прэсы выйшаў другі сын Галіны Ігнатовіч, Аляксей. Ён паведаміў, што бацька, Іван Ігнатовіч, з Канстанцінам, ягонай жонкай і начальнікам менскай міліцыі Барсуковым едуць на перамовы да Андрэя Шорца. Яны хочуць дамагчыся гарантый, што сёння не будзе ні прымусовага высялення, ні зносу дома. Што ім дазволяць абскардзіць рашэнне суда першай інстанцыі, па якім іх высяляюць у гарадскім судзе і, калі спатрэбіцца, у Вярхоўным.

«Мы проста хочам, каб усё было па законе», – удакладняе Аляксей.

Аб 11.:10 усе вярнуліся. На нарадзе ў Шорца, паводле словаў Святланы, нявесткі Галіны Канстанцінаўны, пракурор горада перанёс знос на 6 лютага.

Самай Галіне Канстаўцінаўне стала дрэнна. Да яе падняліся два ратаўніка і два медыка, вырашаецца пытанне, як яе спусціць.

Рашэння Галіна Ігнатовіч будзе чакаць наверсе.

У лісце, які напісала Галіна Ігнатовіч, гаворыцца пра тое, што сёння яе з сям’ёй высяляюць у прымусовым парадку па рашэнні суда: «Гэта жыллё (дом) адзінае, якое мне перайшло ў спадчыну ад бацькоў. Іншага я сваім дзецям не змагла пабудаваць. За што нашая сям’я так правінілася, што нас пазбавілі законнага права нават абскардзіць судовую пастанову?».

Да гэтага Ігнатовіча тлумачылі: у доме на 116 квадратных метрах жывуць Галіна, два яе сына з жонкамі і дзецьмі, былы муж з новай жонкай. Усяго прапісана 11 чалавек. Сям’я настойвае на кампенсацыі ў выглядзе двух кватэраў для сыноў і грашовай кампенсацыі для Галіны і яе былога мужа. Па судзе ж ім выдзелілі тры кватэры.

ДД; фота: Яўген Ерчак, TUT.BY

Глядзі таксама
Каментары