Масква анансавала пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў праз расейскія парты


Віцэ-прэм’ер РФ Аляксандр Новак анансаваў транспартаванне беларускіх нафтапрадуктаў праз расейскія парты. Пытанне аб пераарыентаванні экспарту з партоў краінаў Балтыі на расейскія парты паўстала на фоне рэзкага пагаршэння стасункаў паміж ЕЗ і рэжымам Аляксандра Лукашэнкі пасля выбараў 2020 года.

У інтэрвʼю РБК Новак заявіў:

«Цалкам магчыма, што і ў 2021 годзе [беларусы] могуць [паставіць] ужо частку абʼёмаў <…> з улікам дамоўленасцяў і бягучых пытанняў, якія прапрацоўваюцца паміж кампаніямі. На мой погляд, 2021 год – гэта цалкам рэальныя тэрміны, калі можна пачаць ужо».

Новак раней казаў, што Расея абмяркоўвае перанакіраванне 4–6 млн т беларускіх нафтапрадуктаў з Літвы ў расейскія парты.

«У нас на сённяшні дзень ёсць свабодныя магутнасці марскіх партоў па перавалцы нафтапрадуктаў. Калі стварыць узаемавыгадныя эканамічныя ўмовы, можна было б з нашымі беларускімі калегамі загружаць у большай ступені расейскія парты», – сказаў ён.

Гаворка ў першую чаргу аб паўночна-заходніх партах – у Прыморску, Санкт-Пецярбурзе і Усць-Лузе.

Марскі тэрмінал ва Усць-Лузе, Ленінградская вобласць, Расея.
Фота: Palm Yelena / TASS / Forum

У жніўні 2020 года Аляксандр Лукашэнка прыгразіў Літве паказаць, «што такое санкцыі». «Я даручыў ураду ўнесці прапанову аб пераарыентацыі ўсіх гандлёвых патокаў з партоў Літвы на іншыя. Вось мы і паглядзім, як яны будуць жыць. 30 % літоўскага бюджэту фармуюць нашы грузапатокі праз Літву. Што яшчэ трэба? Зажэрліся. Таму паставім на месца», – адзначыў ён.

У сваю чаргу літоўскі прэм’ер-міністр Саўлюс Сквярняліс (Saulius Skvernelis) заявіў, што адмова ад транзіту грузаў праз парты Літвы перш за ўсё ўдарыць па самой Беларусі.

У снежні брытанская «дачка» Беларускай нафтавай кампаніі BNK (UK) Limited прыпыніла перавалку нафтапрадуктаў праз Клайпедскі дзяржаўны порт Літвы.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў