«Малады Фронт» ладзіць акцыю ўшанавання памяці Міхася Жызнеўскага ў Менску


Памяць Героя Украіны Міхася Жызнеўскага, забітага падчас пратэстаў на Майдане ў Кіеве 22 студзеня 2014 года, сёння плануе ўшанаваць «Малады Фронт». Акцыя адбудзецца ў Менску ля помніка Тараса Шаўчэнку, пачатак а 19:00.

Як паведаміў кіраўнік «Маладога Фронту» Дзяніс Урбановіч, акцыя прымеркаваная да гадавіны гібелі Жызнеўскага, таму пройдзе ў жалобным фармаце: без банераў і лозунгаў, але з малітвай і сцягамі.

«Спачатку мы разам памолімся, потым людзі выступяць з прамовамі: узгадаем не толькі Жызнеўскага, але і іншых беларусаў, загінулых за Украіну – Алеся Чаркашына і Віталя Ціліжэнку. Напрыканцы мы праспяваем гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Раней мы планавалі паехаць на магілу Міхася ў Гомель у нядзелю, а пасля вырашылі ўсё ж зладзіць акцыю ў Менску. Гэта ініцыятыва «Маладога Фронту», – распавёў Урбановіч.

Беларус Міхась Жызнеўскі быў забіты куляй снайпера ў сэрца 22 студзеня 2014 года на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве падчас Еўрамайдану. Пахаваны на радзіме. У чэрвені 2017 года прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка перадаў бацькам беларуса Зорку Героя Украіны. Ніна Жызнеўская, маці Міхася, памерла 4 траўня 2018 году на 62-м годзе жыцця. Літаральна праз некалькі тыдняў памёр ейны муж – 73-гадовы Міхаіл Жызнеўскі. Дагэтуль не ўстаноўленая асоба чалавека, які забіў беларуса на Майдане.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў