Беларускі грамадзянін Юрый Палітыка, якога ва Украіне вінавацілі ў «шпіянажы», не мае ніякіх дачыненняў да спецслужбаў Беларусі. Пра гэта міністр замежных справаў Уладзімір Макей заявіў у інтэрв’ю журналістам пяці незалежных СМІ – TUT.BY, БелаПАН, «Радыё Свабода», «Еўрарадыё» і «Нашай Нівы».
Нагадаем, 4 кастрычніка карэспандэнт «Украінскага радыё» Павел Шаройка, які амаль два гады правёў у беларускай турме, быў памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам і вярнуўся на радзіму. За дзень да гэтага стала вядома, што суд у Чарнігаве вызваліў з-пад варты беларуса Юрыя Палітыка, які правёў за кратамі два гады і тры з паловай месяцы. «Мы ажыццявілі абмен», – заявіў пасля журналістам прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Але з падобнай трактоўкай таго, што адбылося, Макей не згодны.
«Размова не ішла аб абмене, гэта памылка. Калі Шаройка быў затрыманы на тэрыторыі Беларусі з канкрэтнымі доказамі ягонай віны – гэта адна справа. Калі грамадзянін Беларусі Палітыка быў нейкім чынам увязаны ў гэтыя інсінуацыі і яго абвінавачвалі ў шпіянажы, а ён, можаце верыць, можаце не верыць, ніякага дачынення да спецслужбаў Беларусі не мае, – гэта іншая справа. І мы стараліся вызваліць нашага грамадзяніна, выкарыстоўваючы ўсе існыя легальныя сродкі», – заявіў Макей у інтэрв’ю незалежным СМІ.
ІІ belsat.eu