«Сакрэтныя файлы», роля спецслужбаў і (не)магчымасць абмену. Усё, што вядома пра гучную «шпіёнскую» справу Шаройкі – Палітыкі


Украінскі журналіст Паўло Шаройка застаецца ў СІЗА КДБ з мінулага кастрычніка, ён быў асуджаны за шпіянаж на 8 гадоў. Грамадзянін Беларусі Юрый Палітыка перабывае пад вартай ва Украіне ад чэрвеня 2017-га, таксама як абвінавачаны ў шпіянажы. Цяпер гэты факт стварае найбольшую праблему ў дыпламатычных дачыненнях дзвюх краінаў. Напярэдадні Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны belsat.eu разбіраецца ў «шпіёнскай» справе.

Юрый Палітыка: ахвяра «падставы» ці агент КДБ?

16 чэрвеня 2017 года ў памежным пункце «Новыя Ярылавічы» СБУ затрымала беларуса Юрыя Палітыку. Паводле ўкраінскай спецслужбы, у ягоным мабільным было знойдзена зашыфраванае паведамленне з мапай АТА і схема наступальнай аперацыі «Шторм», якую Узброеныя сілы Украіны нібыта планавалі правесці супраць ДНР у кірунку Новаазоўска. Беларусу выставілі абвінавачванне ў збіранні звестак, што складаюць дзяржаўную таямніцу «у інтарэсах трэцяга боку» (арт. 114 КК Украіны «Шпіянаж») і змясцілі пад варту ў СІЗА Чарнігава.

Юрый Палітыка

У студзені 2018 года беларускія недзяржаўныя СМІ апублікавалі зварот Палітыкі ў амбасаду Беларусі ў Кіеве, у якім затрыманы заявіў, што ўсе паказанні даў пад катаваннямі, ніколі не працаваў на КДБ і не збіраў сакрэтныя звесткі. У часе следства яго нібыта «душылі, нацягвалі торбу на галаву, вывозілі ў лес» і г.д. Таксама быў апублікаваны ліст маці Палітыкі з просьбаю аб дапамозе. Генеральная пракуратура Беларусі заявіла пра «абгрунтаваныя сумневы ў наяўнасці прыкметаў шпіянажу ў дзеяннях затрыманага» і назвала справу «палітычнаю». У сваю чаргу, СБУ адразу зняпраўдзіла заяву беларуса аб катаваннях. Скарга на збіццё ў камеры прагучыць і ў жніўні, калі Палітыку прывязуць на суд з гематомай пад вокам. Незадоўга да гэтага намеснік генеральнага пракурора Беларусі Аляксей Стук заявіць у Кіеве, што асуджэнне Палітыкі за шпіянаж, было б «заведама незаконным».

Генпракуратура. Фота – prokuratura.gov.by

Суд у Чарнігаве пачаў папярэдні разгляд справы ў лютым, прайшло 8 месяцаў, але працэс не прасунуўся. Паседжанні пастаянна пераносілі па розных прычынах: адсутнасць перакладчыка на беларускую мову, якога раптам запатрабаваў абвінавачаны, няяўка адвакатаў Палітыкі, самаадвод судовай калегіі. У верасні Палітыку «з меркаванняў бяспекі» перавялі ў СІЗА СБУ ў Кіеве.

Падчас аднаго з паседжанняў Юры Палітыка распавёў карэспандэнтцы belsat.eu, што яго «вельмі сур’ёзна падставілі». Спачатку ён казаў, што перыядычна ездзіў ва Украіну «на закупы». Потым пачаў сцвярджаць, што збіраўся «звязаць свой лёс з Украінай», уладкавацца там на працу. Вядома, што да таго Палітыка нібыта быў юрыстам банку ВТБ у Менску. Версія пра пошукі працы на Чарнігаўшчыне (дзе сярэдні месячны заробак у чэрвені 2017 года складаў 185 еўра) не выглядала праўдападобнай. Палітыка таксама распавёў, што паралельна вырашыў далучыцца да валанцёрскай арганізацыі «Поўнач», якая займаецца патруляваннем мяжы. Патрапіць туды ён спрабаваў пры дапамозе чалавека, з якім пазнаёміўся ў Чарнігаве.

Гаворка пра Дзмітрыя Острыка, украінскага кадравага афіцэра. Паводле слоў Палітыкі, менавіта Острык падставіў яго, запампаваўшы ў тэлефон беларуса тую самую мапу са схемай вайсковай аперацыі. Палітыка ўпэўнены, што Острык працаваў на СБУ.

«Я не парушаў заканадаўства ні Беларусі, ні Украіны. Адзінае, чаго я хацеў – стаць чальцом грамадскай арганізацыі «Поўнач», якая дапамагае вайскоўцам аналізаваць сітуацыю на мяжы з ворагам, з ДНР. Сам я не збіраўся ўступаць у добраахвотніцкі батальён, ваяваць. Хаця мяне заўсёды цікавіла ваенная справа», – казаў абвінавачаны журналістам у лютым.

Аднак святар Кацярыненскай царквы ў Чарнігаве, а. Яўген Орда у часе следства засведчыў: Палітыка прыходзіў да яго з просьбай дапамагчы ўступіць у адзін з добрабатаў. Орда перадаў просьбу беларуса знаёмаму вайсковаму камандзіру, але той папярэдзіў, што Палітыка «можа быць інфарматарам КДБ».

«Почырк высокакваліфікаванага разведчыка»

Валанцёрскае фармаванне «Поўнач» займаецца патруляваннем памежных тэрыторый пры дапамозе дронаў. Натуральна, кожны новы чалец фармавання праходзіць праверку ў СБУ. Калі там зацвярджаюць кандыдатуру – пачынаецца супраца. Значыць, у полі зроку СБУ Палітыка быў задоўга да затрымання.

«Мы даем новым людзям заданні, каб мець уяўленне, наколькі тыя ўвогуле арыентуюцца ў пытаннях бяспекі. Напрыклад, на мапе Чарнігава за пэўны тэрмін выявіць усе ўразлівыя для патэнцыйнага ворага аб’екты, дзе можа быць нейкая «дзірка» у бяспецы», – распавёў карэспандэнтцы belsat.eu камандзір «Поўначы» Мікола Акуліч.

Мікола Акуліч. Фота – ukrinform.ua

Такое пробнае заданне далі і Палітыку.

«Ён прадстаўляў сябе як суперпрофі, але заданне не выканаў і напалову. Тады я прапанаваў яму папрацаваць дома, з дапамогай Google і Яндэкса пашукаць аб’екты на мапе. Ён паехаў дадому і неўзабаве даслаў мне аналіз вышэйшага ўзроўню, спіс з 17 аб’ектаў – былі адзначаны нават засакрэчаныя базы.

Сітуацыя паўтарылася некалькі разоў. У Чарнігаве ён мог «загуляць», прыйсці з пахам перагару ў офіс, а пасля з Менску даслаць цэлую справаздачу, у якой бачны почырк кваліфікаванага разведчыка. Гэта моцна насцярожыла нас», – кажа Акуліч.

У выніку беларуса не прынялі ў арганізацыю. Апошнім разам Акуліч і Палітыка размаўлялі па тэлефоне 16 чэрвеня 2017 года. У той жа дзень беларус быў затрыманы СБУ ў пункце пропуску Новыя Ярылавічы. Праз уласныя кантакты ў сілавой структуры, Акуліч даведаўся:

«У ягоным мабільным быў файл з мапай участку зоны АТА. Думаю, яна была без грыфу сакрэтнасці. Вучэбная або даўно адпрацаваная. Але ён жа яе паспеў выдаліць, а СБУ аднавіла файл. І яшчэ – Юра пастаянна не меў грошай, а пры затрыманні ў яго знайшлі суму ў валюце».

Дзмітрый Острык: «Яго на амбіцыях кінулі на забой»

Дзмітрый Острык. Фота – Facebook

Belsat.eu звязаўся з украінскім афіцэрам Дзмітрыем Острыкам, які з’яўляецца ключавым сведкам па справе Палітыкі. Острык пайшоў на фронт добраахвотнікам у 2014 годзе, потым падпісаў кантракт з войскам. Напрыканцы 2016-га ён прыехаў у родны Чарнігаў у адпачынак, бавіў час у валанцёрскай суполцы «Поўнач», дзе і пазнаёміўся з Палітыкам.

«Ён казаў, што хацеў «ваяваць за свабоду», потым – быць аператарам беспілотных апаратаў. Падаецца, яшчэ ён цікавіўся беларусамі, якія ваююць на баку Украіны. Часам задаваў дзіўныя пытанні кшталту «ці катавалі калі-небудзь людзей ва ўкраінскім войску», – узгадвае Острык.

Паводле яго слоў, Палітыка намагаўся пасябраваць з ім, увайсці ў давер, але спачатку Острык не думаў, што той можа быць агентам КДБ. Аднойчы беларус прыйшоў у кватэру да Острыка і пачаў глядзець ягоны камп’ютар.

«Я выйшаў з пакою і папрасіў не чапаць файл з мапай. Калі вярнуўся – убачыў, што як раз гэты файл Юра і пампуе сабе на тэлефон. Якое было мае здзіўленне, калі на першы погляд кволы Юра з сілай адштурхнуў мяне і сышоў. Тады ўсё стала на свае месцы, не засталося сумневаў».

Вайсковец пацвярджае, што мапа з «планам аперацыі» была не сапраўдная, а вучэбная.

«Уявіце сабе – вынесці са штабу рэальную схему аперацыі! Але Юра падумаў, што яна рэальная. Мяркую, яго проста на амбіцыях кінулі на забой. Яму відавочна бракавала досведу – занадта адкрыта паказаў, што хоча [выканаць заданне спецслужбаў], як па падручніку».

Острык не хавае, што адразу паведаміў пра інцыдэнт СБУ. Яго выклікалі на следчыя дзеянні, праводзілі вочную стаўку з Палітыкам.

Хутчэй за ўсё, украінскія сілавікі, заўважыўшы падазроную актыўнасць беларуса ў Чарнігаве, затрымалі яго з несапраўднай «сакрэтнай мапай», якая стала толькі нагодай для абвінавачвання ў шпіянажы. Адметна, што і ўкраінскага журналіста Паўла Шаройку ў Менску КДБ узяў з «сакрэтнымі дакументамі», якія маглі быць такім жа фэйкам.

Справа Шаройкі і таямнічая «агентурная сетка»

Паўло Шаройка

25 кастрычніка ў Менску КДБ затрымаў карэспандэнта «Украінскага Радыё» Паўло Шаройку. Паводле спецслужбы, Шаройка стварыў у Беларусі «агентурную сетку з грамадзян Беларусі, якія за грашовую ўзнагароду выконвалі ягоныя заданні па зборы звестак разведвальнага характару ў ваенна-палітычнай сферы». Усяго такіх грамадзянаў нібыта было 16, пры гэтым некаторых з іх маглі выкарыстоўваць «уцёмную». Дзейнасць Шаройкі ў Беларусі, паводле КДБ, каардынаваў супрацоўнік ГУР МА Украіны Ігар Скварцоў, які «дзейнічаў пад прыкрыццём саветніка амбасады Украіны ў Беларусі». Скварцоў быў абвешчаны персонай нон грата. У адказ Украіна выслала першага сакратара амбасады Беларусі. Менск гэты крок расцаніў як «несяброўскі».

Афіцыйны Кіеў адмаўляе датычнасць Скварцова і Шаройкі да разведвальнай дзейнасці і лічыць абвінавачванні беспадстаўнымі. Тым не менш у дачыненні да Шаройкі была распачатая крымінальная справа па ст.358 КК Беларусі («Шпіянаж») Акрамя Шаройкі, быў затрыманы грамадзянін Беларусі, яму інкрымінавалі «дзяржаўную здраду».

Шаройку ў Беларусі асудзілі на 8 гадоў пазбаўлення волі. У лютым 2018 года (адначасова з пачаткам працэсу над Палітыкам у Чарнігаве) Вярхоўны суд на закрытым паседжанні прызнаў Шаройку вінаватым і пакараў 8 гадамі турмы. Інфармацыі пра суд над грамадзянінам Беларусі, якога вінавацяць у дзяржздрадзе, не было. Пра новыя затрыманні кагосьці з «агентурнай сеткі» таксама не паведамлялася.

Аляксандр Лукашэнка і Пятро Парашэнка абмяркоўвалі «шпіёнскую» справу падчас сустрэчы ў ААЭ у мінулым лістападзе. Як заявіў Лукашэнка, тады была дасягнутая дамоўленасць не надаваць справе ходу, але «украінскі бок яе парушыў». Ён выказаў незадаволенасць тым, што інфармацыя пра Шаройку трапіла ў СМІ і падкрэсліў адсутнасць «маскоўскага следу» у справе.

Лукашэнка і Парашэнка ў ААЭ

Народны дэпутат Украіны, каардынатар групы «Інфармацыйны супраціў» Дзмітры Тымчук са спасылкай на ўласныя крыніцы заявіў, што Шаройку затрымалі на падставе фальшывага дакументу. Паводле яго, непасрэдна ў дзень затрымання Шаройка сустрэўся з прадстаўніком расейскага тэлеканала НТВ па просьбе апошняга. Той спрабаваў перадаць Паўлу «сакрэтныя дакументы» з апісаннем плану Расеі па выкарыстанні беларускай тэрыторыі для ўварвання ва Украіну. Шаройка нібыта адмовіўся іх узяць, але па дарозе дадому быў затрыманы КДБ. Тымчук сцвярджае, што грыф сакрэтнасці быў падробкай, але па форме і стылі яны былі максімальна набліжаныя да дакументаў Мінабароны РБ.

Ці магчымы абмен?

Некаторыя эксперты звярталі ўвагу на падабенства справаў Шаройкі-Палітыкі. У тым ліку, выказвалася думка пра арышт Шаройкі як люстэркавую рэакцыю на затрыманне Палітыкі. Тым больш, следам за высылкай украінскага дыпламата Скварцова з Менску, Кіеў выслаў першага сакратара амбасады Беларусі. Паводле словаў старшыні камітэту Вярхоўнай Рады з пытанняў свабоды слова і інфармацыйнай палітыкі Вікторыі Сюмар, справа супраць Шаройкі – доказ наўпроставай сувязі КДБ з расейскімі спецслужбамі і «тыпова расейскі стыль».

Старшыня КДБ Валеры Вакульчык

30 траўня старшыня КДБ Валерый Вакульчык заявіў, што не выключае магчымасці абмену Паўла Шаройкі на Юрыя Палітыку. Між тым, Вакульчык заклікаў не ўвязваць прысуд Шаройку з арыштам і судом над Палітыкам.

Аднак ужо ў кастрычніку Вакульчык выключыў магчымасць абмену «шпіёнамі». «Палітыка не з’яўляецца шпіёнам і абмен быў бы нераўнацэнным», – сказаў старшыня КДБ. Пры гэтым ён заявіў пра магчымае памілаванне Шаройкі афіцыйным Менскам. Адметна, што пасля прысуду Шаройку не пераводзілі ў калонію, ён застаецца ў СІЗА КДБ.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў