Макей падтрымаў Пазняка ў спрэчцы вакол перапахавання Кастуся Каліноўскага


Міністр замежных справаў Уладзімір Макей заявіў, што беларускія ўлады, імаверна, будуць прадстаўлены на цырымоніі перапахавання Кастуся Каліноўскага ў Вільні 22 лістапада. Пра гэта міністр заявіў у інтэрв’ю журналістам пяці незалежных СМІ – TUT.BY, БелаПАН, «Радыё Свабода», «Еўрарадыё» і «Нашай Нівы».

«Беларускі бок знаходзіцца ў кантакце з літоўскімі партнёрамі, цяпер абмяркоўваецца правядзенне мерапрыемстваў 22 лістапада ў Вільні. Думаю, беларускі бок будзе ўдзельнічаць».

Макей адзначыў, што пытанне пра тое, хто персанальна будзе прадстаўляць Беларусь на перапахаванні Каліноўскага, яшчэ не абмяркоўвалася.

«Але я лічу, што Беларусь павінна быць прадстаўлена на даволі высокім узроўні. Таму што мне здаецца, што гэта падзея зʼяўляецца вельмі важнай, у тым ліку і для Беларусі, і для гісторыі Беларусі», – падкрэсліў ён.

Журналісты пацікаваліся, ці зрабіў МЗС нешта, каб парэшткі Каліноўскага перапахавалі ў Беларусі.

«Вельмі складанае пытанне, не маю адназначнага адказу. Але мне незразумела, калі чалавек загінуў там, дзе ён зараз знаходзіцца, навошта пераносіць яго косткі ў іншае месца? Што мы атрымаем з гэтага? Дарэчы, існуюць розныя меркаванні на гэты конт. Я чытаў, што Зянон Пазняк выказаўся катэгарычна супраць пераносу парэшткаў Каліноўскага ў Беларусь і за тое, каб ён заставаўся там, дзе знаходзіцца. Я тут больш згодны з Зянонам Пазняком, чым з тымі, хто падтрымлівае ідэю аб пераносе яго парэшткаў у Беларусь», – адзначыў Макей.

Што тычацца персанальнага стаўлення міністра да Кастуся Каліноўскага, то Макей адзначыў, што ён «належыць Беларусі і гісторыі Беларусі».

«У савецкі час у падручніках гісторыі мы чыталі пра яго як пра героя, які змагаўся з царызмам. Мой погляд на Кастуся Каліноўскага і іншых выбітных дзеячаў, якія нарадзіліся на нашай зямлі, заключаецца ў тым, што і Каліноўскі, і Касцюшка, і Дамейка належаць нашай гісторыі. І не трэба падводзіць нейкія палітычныя матывы, звязаныя з гэтымі імёнамі. Гісторыя павінна быць аб’ектыўнай. І не трэба дзяліць, каму яны больш належаць: Польшчы, Літве ці Беларусі. Гэта наша агульная гісторыя», – заявіў Макей.

Каліноўскі застаецца ў Вільні

  • Напрыканцы верасня сотні дзеячаў беларускай культуры падпісалі зварот да літоўскіх уладаў, у якім просяць просяць перадаць парэшткі кіраўніка паўстання 1863 года Кастуся Каліноўскага для перапахавання ў Беларусі. Сярод падпісантаў – Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Радзім Гарэцкі, Зінаіда Бандарэнка, Алег Трусаў, Лявон Вольскі і г.д. Але шмат хто выступае і супраць перапахавання: напрыклад, Зянон Пазняк назваў гэтую ініцыятыву «неразумнай і антыкультурнай».
  • Просьбу беларускіх інтэлектуалаў урад Літвы не ўхваліў. Было прынятае рашэнне, што перапахаванне парэшткаў удзельнікаў паўстання 1863–1864 года адбудзецца 22 лістапада ў Вільні.

Даехаць на пахаванне Каліноўскага з Менску – усе варыянты

ІІ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары