Аб'ектыў 26.09.2019 Каліноўскі застаецца ў Вільні


Парэшткі Кастуся Каліноўскага і іншых паўстанцаў перапахаваюць у Вільні. Просьбу беларускіх інтэлектуалаў аб перапахаванні нашага нацыянальнага героя ў Беларусі ўрад Літвы ўхваліць пакуль не можа. Чаму? І якая пазіцыя афіцыйнага Менску ў гэтай надзвычай важнай для беларушчыны справе?

Вільня рыхтуецца да перапахавання Кастуся Каліноўскага, лідара паўстання 1863 года. Дэлегацыя на чале з віцэ-канцлерам Ураду Літвы наведала сталічныя могілкі Роса, дзе з нагоды ўрачыстасці рэстаўруюць і распісваюць Капліцу.

«Патрэбная дыскусія ў Літве і ў той жа самай Беларусі. Мы не кажам катэгарычна не, але сёння гэтае пытанне яшчэ не стаіць у павестцы дня. Пахаванне лідара і ўдзельнікаў паўстання адбудзецца ў гэтай капліцы», – кажа віцэ-канцлер Ураду Літвы Дэйвідас Матулёніс.

22 лістапада – афіцыйная цырымонія пахавання парэшткаў Кастуся Каліноўскага і яшчэ дваццаці паўстанцаў. Далучацца беларускія грамадскія дзеячы і творчая інтэлігенцыя, а таксама дэлегацыя ад афіцыйнага Менску, што напярэдадні пацвердзіў міністр замежных справаў Макей падчас сустрэчы са сваім літоўскім калегам Лінасам Лінкявічусам. Запрасілі таксама дэлегацыі з Украіны, Латвіі.

Што цягам гэтых дзвюх месяцаў Літва зменіць рашэнне – спадзеваў няма. Дыскусія ў пытаннях нацыянальнага значэння зазвычай вядзецца на найвышэйшым узроўні.

«Цяпер, калі (будзем казаць шчыра) ёсць пагроза згубіць Беларусь як незалежную дзяржаву, Кастусь Каліноўскі як сімвал супрацьмаскоўскага супраціву, які змагаўся за незалежную і свабодную Беларусь, вельмі патрэбен у краіне, за якую змагаўся», – тлумачыць чалец Сейму Літвы Мантас Адаменас.

Але афіцыйны Менск не дэманструе палітычнай прыхільнасці да Каліноўскага – кажа старшыня арганізацыі «Беларуская Нацыянальная Памяць». Пра пахаванне паўстанцаў на Гедымінавай гары ў Вільні вядома было даўно – парэшткі знайшлі 2 гады таму ў ліпені.

Анатоль Міхнавец, «Беларуская Нацыянальная Памяць»:

«Калі гэта было знойдзена, мусіла ўзнікнуць дыскусія ў беларускім грамадстве, асяроддзі, што мы робім далей. Яна не ўзнікла. Мы штогод туды ездзілі, ушаноўвалі памяць Каліноўскага, вялі перамовы з літоўцамі, як гэта ўсё цяпер будзе выглядаць. У іх была рэакцыя такая – беларуская афіцыйная ўлада не цікавіцца, то мы будзем перапахоўваць у Вільні».

Таму незалежна ад меркаванняў, ці варта пераносіць у Беларусь прах лідара паўстання 1963 – 64-га года, існуе праблема – ці можам годна ўшанаваць памяць героя?

«Казаць пра нейкую палітыку нацыянальнай памяці афіцыйную – гэта значыць казаць пра савецкія традыцыі. А нічога нацыянальнага няма. Паўстанне Касцюшкі, паўстанне Каліноўскага і Слуцкае паўстанне, беларускі нацыянальны рух і тысячы герояў – усё гэта трэба рабіць, але не робіцца афіцыйнымі ўладамі», – дадае Анатоль Міхнавец.

Сярод жа перапахаваных у Беларусі асобаў, якія прысвяцілі жыццё і дзейнасць нашай айчыне і з’яўляюцца духоўным скарбам нацыі – святая Еўфрасіня Полацкая.

Прах мецэнаткі беларускага адраджэння пачатку 20 стагоддзя княгіні Магдалены Радзівіл захоўваецца пры касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Менску.

Была таксама ініцыятыва перапахаваць у Беларусі класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, які спачывае ў анексаваным Расеяй Крыме.

Юлія Цяльпук belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары