Музыка скончыць летнюю серыю канцэртаў «Заспявай 3.0». Разам з Вольскім на адной сцэне выступяць Leibonik, Фёдар Жывалеўскі з гуртом «Голая манашка» і Віктар Лупасін.
Легальных канцэртаў у Менску Лявон Вольскі не даваў больш за два гады – музыка апошнім часам выступае альбо на закрытых вечарынах, альбо на спантанных акцыях – варта згадаць ягоны канцэрт у падземным пераходзе ці проста ў полі ў мікрараёне Сухарава. На выступ музыкі на канцэрце «Заспявай 3.0» менскія ідэолагі выдалі гастрольнае пасведчанне.
Правядзе канцэрт Алег Хаменка. У продажы толькі 80 квіткоў – 20 месцаў за столікамі і 60 на танцпол.
Арганізатары папярэджваюць: у выпадку забароны канцэрту набыты квіток будзе дзейнічаць як сертыфікат на пакупку ў краме symbal.by.