Кіраўнік дзяржавы пацвердзіў свой намер наведаць Аўстрыю і Латвію. Афіцыйныя візіты ён абгрунтаваў неабходнасцю «прарубіць вакно» у Еўропу, паведамляе ягоная прэс-служба.
«Аўстрыя, Латвія і іншыя краіны – гэта акно пасля ўсяго таго плота, які быў вакол нас выбудаваны. І больш за тое – сёй-той санкцыі ўводзіў. Таму нам даводзіцца не тое што зноўку, а ўжо на новым узроўні, у новыя часы рубіць гэтыя вокны і выбудоўваць дарогі», – сказаў Лукашэнка, наведваючы ў сераду РНПЦ анкалогіі і радыялогіі.
«Я проста хачу сказаць, каб усе пачулі: справа прэзідэнта (з часоў Пятра I яшчэ) – прарубіць акно туды, куды мы лічым патрэбным», – дадаў Лукашэнка.
Паводле слоў Лукашэнкі, следам за ягоным візітам «павінны пайсці тыя, хто павінен прадаваць сваю прадукцыю, хто павінен там купляць і гэтак далей».
Пры гэтым ён паскардзіўся, што часам ва ўжо «прарубленае вакно» некаторыя кіраўнікі не імкнуцца.
«Таму даводзіцца яшчэ раз туды ехаць дамаўляцца, ужо пачынаю таргаваць за іншых. А потым гляджу: калі не варушацца, так трэба іх на пенсію адпраўляць ці яшчэ куды-небудзь», – рэзюмаваў Лукашэнка.
Нагадаем, візіты кіраўніка дзяржавы ў Аўстрыю і Латвію запланаваныя на сярэдзіну лістапада.
КА belsat.eu