Лукашэнка заявіў, што Беларусь не збіраецца згортваць вайсковую супрацу з Расеяй праз рознагалоссі ў іншых сферах


Пра гэта ён заявіў падчас дакладу аб задуме пра супольныя стратэгічныя вучэнні ўзброеных сілаў Беларусі ды Расеі «Захад-2017».

«Наадварот, вучэнне зʼяўляецца дэманстрацыяй нашага пастаянства ў забеспячэнні бяспекі дзвюх брацкіх народаў», – заявіў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што ўсе пытанні можна вырашыць.

«Як бы ні складваліся нашы адносіны ў галіне нафты, газу, прадуктаў харчавання ды іншага, гэтыя ўсе пытанні вырашаюцца. Гэта нашыя пытанніБеларусі і Расеі. А вось жартаваць з бяспекай, абароназдольнасцю нашых агульных межаў ні ў якім разе нельга», – падкрэсліў ён.

Лукашэнка адзначыў, што вучэнне дазволіць праверыць гатоўнасць вайскоўцаў абодвух краінаў да ўзаемадзеяння.

«Такім чынам мы ўмацоўваем сваю агульную абараназдольнасць і будзем гэта рабіць надалей… У выпадку канфлікту, не дай бог вайны, існуе пэўны план вядзення баявых дзеянняў сіламі беларускіх Узброеных Сілаў, якія неадкладна падмацоўваюцца адпаведнымі ўзброенымі сіламі Расійскай Федэрацыі. Мы ні ад каго ніколі не хавалі і не хаваем, што ў мірны час порах трэба трымаць сухім».

Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў задуму сумеснага стратэгічнага вучэння. Пра гэта паведаміў журналістам міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў.

Плануецца, што «Захад-2017» пройдзе з 14 па 20 верасня.

ДР belsat.eu паводле belta.by

Стужка навінаў