Лукашэнка ўзяўся за інфармацыйную бяспеку. Ён будзе «эфектыўна супрацьстаяць розным каналам і сайтам»


Фота http://president.gov.by

Кіраўнік Беларусі паабяцаў абмеркаваць праблему інфармацыйнай бяспекі ў кантэксце двухбаковых адносінаў з Расеяй на сустрэчы з Пуціным.

Лукашэнка бачыць вялікую пагрозу ў інфармацыйным ціску.

«… любая халодная ці тым больш гарачая вайна ніколі не пачынаецца без інфармацыйнага ціску і проціборства. Таму ў больш маштабным, сур’ёзным ключы мы гэтую праблему ўсебакова прааналізуем на найбліжэйшым пасяджэнні Рады бяспекі Беларусі», – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што «прапагандаваць асабліва не трэба». Трэба – «весці барацьбу за свае прынцыпы, падымаць імідж нашай краіны».

«І супрацьстаяць, асабліва ў СМІ, тым нападам, якія робяцца на Беларусь (а яны часам з розных бакоў робяцца), мы павінны ўмець. І нам трэба ў гэтым плане вызначыцца. Менавіта інфармацыйная бяспека ў кантэксце СМІ, асабліва інтэрнэту, – гэта асноўнае пытанне», – адзначыў Лукашэнка.

Лукашэнка падкрэсліў, што галоўнае ў проціборстве – эфектыўнасць.

«Эфектыўнасць у нас пакуль слабая, асабліва ў супрацьборстве з рознага роду каналамі, старонкамі ды сайтамі ў інтэрнэце. Вы бачыце, што сёння адбываецца. Мы слаба супрацьдзеем. Але адмыслоўцаў, прафесіяналаў у нас хоць каўшом бяры. Проста не было адпаведнай арганізацыі. Гэта трэба ўмець рабіць», – растлумачыў ён.

Шукаюць пагрозу не там, дзе трэба

У каментары belsat.eu старшыня БАЖ Андрэй Бастунец пракаментаваў ініцыятыву Лукашэнкі.

Паводле яго, галоўная небяспека ідзе з боку ўсходняга партнёра, але наўрад ці кіраўнік Беларусі будзе змагацца з прарасейскай прапагандай, якая праходзіць праз дзяржаўныя беларускія медыі.

«Прарасейская прапаганда – гэта галоўная небяспека. Таму я не ведаю, хто будзе ўспрымацца як пагроза. Ці будуць яны кантраляваць, каб да нас не ішла расейская пагроза. Або хутчэй будуць адсочваць сайты анархістаў, апазіцыйныя, «Белсат». І ўражанне, што хутчэй гаворка пра другое. Будуць мэтанакіравана адшукваць рэсурсы, якія крытыкуюць улады і ўзаемадзеянне з Расеяй».

Паводле Андрэя Бастунца, каб узмацніць інфармацыйную бяспеку, не трэба ствараць адмысловых арганізацыяў.

«Дастаткова пракантраляваць праграмы, якія ідуць па беларускіх каналах і транслююць прарасейскую прапаганду. А тут атрымліваецца наадварот. Нездарма я чуў, што ўлады ўспрымаюць «Белсат» не як СМІ, а як прапаганду. Калі іх еўрапейцы пытаюць, колькі можна штрафаваць журналістаў, якія супрацоўнічаюць з каналам, яны кажуць, што гэта не журналісты, а прапагандысты».

У часе сённяшняй нарады кіраўнік краіны заявіў, што раней не было неабходнасці ў стварэнні асобнай арганізацыі, якая займалася б пытаннямі інфармацыйнай бяспецы. Апроч таго, было заяўлена аб неабходнасці стварыць арганізацыю, якая давала бы рэйтынгі беларускім медыям.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў