Аляксандр Лукашэнка ў Менску сустрэўся з экс-прэзідэнтам Літвы, дэпутатам Еўрапейскага парламенту Раландасам Паксасам. Паксас падкрэслівае, што наведвае Беларусь па ўласнай ініцыятыве і марыць дэмілітарызаваць Балтыйскі рэгіён.
«Паколькі мы суседзі, а іх не выбіраюць, яны ад Госпада, нам прыйдзецца жыць, як суседзям, хочам мы гэтага ці не. Каб жыць мірна і дружна (мы іншага шляху ў Беларусі не бачым, вы гэта добра ведаеце і разумееце), трэба мець зносіны і размаўляць на розныя тэмы, пачынаючы ад агульнай праблемы бяспекі ў рэгіёне (цяпер, вы ведаеце, у Еўропе штарміць і вельмі моцна, дай бог, каб гэты шторм супакоіўся). З іншага боку, ёсць мясцовыя праблемы. Да прыкладу, будаўніцтва атамнай станцыі – тэма, якая вельмі актуальная ў Літве і, як мы лічым, вельмі палітызаваная», – цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.
Як піша БелТА, падчас сустрэчы Раландас Паксас адзначыў, што прыехаў у Беларусь з марай – дэмілітарызаваць Балтыйскі рэгіён і наладзіць супрацу паміж дзяржавамі. Летась еўрадэпутат абмяркоўваў гэтую тэму з Уладзімірам Пуціным, а ў будучыні плануе правесці аналагічныя сустрэчы з кіраўніцтвам ЗША і Нямеччыны.
«Мяне турбуе сітуацыя ў рэгіёне. Я бачу, што вайсковыя ястрабы (усё роўна, з якога боку) хацелі б пачаць вайну паміж Злучанымі Штатамі і Расеяй менавіта ў гэтым рэгіёне, – сказаў ён журналістам пасля сустрэчы з кіраўніком Беларусі. – Я выступаю за тое, што трэба пачаць будаваць гэтыя стасункі зусім па-іншаму, каб бяспеку рэгіёну гарантавала дыпламатычная сіла, а не вайсковая».
ІІ belsat.eu