Літва мяняе прэзідэнта. З кім Лукашэнку дамовіцца пра БелАЭС найпрасцей?


Размарожванне дачыненняў з афіцыйным Менскам, і што рабіць з Беларускай атамнай электрастанцыяй? Гэтыя тэмы сталіся галоўнымі ў дэбатах кандыдатаў на прэзідэнта Літвы. Выбары 12 траўня. У залежнасці ад таго, хто ў іх пераможа, пазіцыя Вільні застанецца цвёрдая або пачнецца спроба дыялогу. Мы апыталі трох фаварытаў, якою будзе іхная беларуская палітыка. Кожны з трох мае падобныя шанцы стаць прэзідэнтам і кожны прэзентуе іншы падыход да нашае краіны. Чым яны адрозніваюцца? Разбіраўся Ігар Кулей.

Беларуская АЭС – у цэнтры ўвагі падчас прэзідэнцкае гонкі ў Літве. На гэтым тыдні ў Вільні адбыліся дэбаты трох галоўных кандыдатаў на пасаду кіраўніка краіны. Адметна, што ў кожнага з прэтэндэнтаў свой падыход да пытання Астравецкае станцыі.

Найбольш прыхільнай афіцыйнаму Менску пазіцыяй у пытанні беларускага мірнага атаму адзначыўся эканаміст Гітанас Наўседа, які абвесціў, што Беларуская АЭС не павінная цалкам зацямніць адносінаў паміж Літвой і Беларуссю. Бо галоўны інтарэс Літвы – захаваць Беларусь незалежнай ад Расеі.

Гітанас Наўседа, кандыдат на прэзідэнта Літвы:

«Перабудова энергетычнай ці вытворчай сістэмы Беларусі, якая будзе карыстацца электрычнасцю з БелАЭС, падвысіць узровень незалежнасці Беларусі ад Расеі. І гэта вельмі важна, каб мы маглі рэальна казаць пра незалежнасць беларускай эканомікі ды незалежнасць яе энергетычнай сістэмы».

Прэмʼер-міністр Літвы Саўлюс Сквярняліс, ужо вядомы беларусам дзякуючы свайму раней абвешчанаму «плану-хулігану» – пераробцы БелАЭС у газавую станцыю, падчас дэбатаў таксама прапанаваў паляпшаць адносіны з Беларуссю. Каб мець магчымасць увесці на Астравецкай станцыі сваю, незалежную літоўскую сістэму маніторынгу за сітуацыяй.

Саўлюс Сквярняліс, прэмʼер-міністр Літвы, кандыдат на прэзідэнта:

«Калі яна пачне працаваць, мы сапраўды зацікаўленыя, каб было магчыма яе не кантраляваць, але прынамсі мець сістэму назірання. Абсталяванне, якое дазволіла б нам своечасова рэагаваць, калі б здарыўся які-небудзь інцыдэнт. Напэўна, гэта магло б быць пытаннем для перамоваў».

Самая жорсткая пазіцыя адносна Астравецкай станцыі – у былой міністаркі фінансаў Інгрыды Шыманіце. Па сутнасці, яна паўтарае афіцыйную, амаль ультыматыўную пазіцыю сённяшняй літоўскай прэзідэнткі Далі Грыбаўскайце: ні адзін кілават энергіі з БелаАЭС не трапіць у Літву. А калі Беларусь хоча больш цесна супрацоўнічаць з Еўразвязам, то спачатку трэба вырашыць пытанне Астраўца.

ВІДЭА
Літоўская віза для Лукашэнкі
2019.03.10 13:19

«На маю думку, гэта адзіная пазіцыя, якую мы можам мець у Літве. Беларускія ўлады парушылі шэраг міжнародных законаў, пачынаючы ад выбару пляцоўкі. Міжнародныя інстытуты прызналі, што былі здзейсненыя парушэнні міжнародных канвенцыяў. Так што я не ведаю, як у гэтай краіне можна мець нейкую іншую пазіцыю ў гэтай справе», – заяўляе Інгрыда Шыманіце, кандыдатка на прэзідэнта Літвы.

Што датычыць набыцця электрычнасці з Астравецкай АЭС, то тут у кандыдатаў няма ніякага поля для манеўру. У Літве прынялі закон, які забараняе гэта рабіць. І, нягледзячы на тое, што літоўскія энергетыкі не задавальняюць сёння ўласнага рынку ды краіна ўсцяж набывае электраэнергію з Беларусі, гандаль скончыцца адначасова з запускам першага рэактару ў Астраўцы, упэўненыя і кандыдаты, і незалежныя эксперты.

«Сёлета ў чэрвені правядуць тэст працы ў ізаляцыі ад энергетычнага кола БРЭЛЛ. Пасля гэтай ізаляванай працы стануць зразумелыя тэхнічныя параметры нашай сістэмы. Літва генеруе дастаткова электраэнергіі, проста гэта вельмі дорага. І калі імпартаваць больш энергіі з Латвіі, Эстоніі ды Польшчы, то ў нас не будзе дэфіцыту», – упэўнены Рытас Стасяліс, літоўскі эксперт у сферы энергетыкі.

Літва актыўна рыхтуецца. Ужо цяпер афіцыйнаму Менску варта зразумець, што з новым прэзідэнтам, хто б з кандыдатаў ні перамог, пытанне Астравецкай АЭС нікуды не знікне. Яно будзе дамінаваць у нашых двухбаковых дачыненнях, і перачакаць, пакуль зменіцца ўлада, не атрымаецца. Калі ж атамнае пытанне ўдасца залагодзіць, то і тут Менск не заўсёды знойдзе паразуменне з новым прэзідэнтам Літвы.

«Мы можам быць добрымі суседзямі, але пры некалькіх умовах. Гэта беларускі падыход да дэмакратычных каштоўнасцяў, тое, чаго мы тут у Еўразвязе не прымаем. Напрыклад, тое, што адбылося нядаўна ў Курапатах, – гэта вандалізм! Кіраваны дзяржаваю вандалізм! Яшчэ адная ўмова – гэта пытанне вельмі сціслай вайсковай кааперацыі паміж Расеяй і Беларуссю», – кажа Інгрыда Шыманіце, кандыдатка на прэзідэнта Літвы.

Саўлюс Сквярняліс упэўнены:

«Калі мы гаворым пра любую краіну, аснова дзяржавы – гэта прымаць рашэнні, забяспечваючы патрабаванні канвенцыі для захавання асноўных правоў ды свабодаў чалавека. Канечне, Беларусь – гэта наш сусед. Мы сотні гадоў жылі побач, маем шмат агульнай гісторыі і магчымасцяў супрацы. Цяпер нашую супрацу тармозіць пытанне АЭС, але калі мы пачнем рухацца і будзем мець прагрэс у гэтым пытанні, думаю, знойдуцца і іншыя магчымасці для супрацы на палітычным узроўні. Эканамічна мы і так сцісла супрацоўнічаем».

Hавiны
Літва хоча запрасіць Лукашэнку на пахаванне Каліноўскага
2019.04.08 21:15

Яшчэ адзін кандыдат на прэзідэнта Літвы, Гітанас Наўседа кажа:

«Мы былі ў адной дзяржаве – Літоўскім Княстве. Гэта стварае эмацыйны фон, які важны для мяне. Я думаю, што літоўцы вельмі па-сяброўску настроеныя ў дачыненні беларусаў. Мы вельмі хацелі б, каб у сярэднім і доўгатэрміновым плане мы мелі за суседа незалежную беларускую дзяржаву. І мы будзем ставіцца да Беларусі як да незалежнай дзяржавы і дапамагаць усім магчымым».

Першы тур выбараў у Літве пройдзе 12 траўня. Другі, калі ён спатрэбіцца, – яшчэ праз два тыдні. І ўжо ўвосень у Аляксандра Лукашэнкі будзе магчымасць асабіста пазнаёміцца з новым прэзідэнтам нашай паўночнай суседкі. Кіраўнік Беларусі можа скарыстацца запрашэннем на цырымонію перапахавання парэшткаў Кастуся Каліноўскага ды іншых удзельнікаў таго паўстання. Прынамсі адзін з кандыдатаў ужо ведае, што скажа Аляксандру Лукашэнку.

«Павітацца мы, хіба што, можам», – упэўненая Інгрыда Шыманіце.

З двума другімі кандыдатамі Аляксандру Лукашэнку, мабыць, дамовіцца будзе значна лягчэй.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» 12.04.2019

belsat.eu

Стужка навінаў