Лукашэнка сустрэўся з экс-прэзідэнтам Літвы. У 2004-м яму абвясцілі імпічмент, абвінаваціўшы ў сувязях мафіяй


Аляксандр Лукашэнка ў Менску сустрэўся з экс-прэзідэнтам Літвы, дэпутатам Еўрапейскага парламенту Раландасам Паксасам. Паксас падкрэслівае, што наведвае Беларусь па ўласнай ініцыятыве і марыць дэмілітарызаваць Балтыйскі рэгіён.

«Паколькі мы суседзі, а іх не выбіраюць, яны ад Госпада, нам прыйдзецца жыць, як суседзям, хочам мы гэтага ці не. Каб жыць мірна і дружна (мы іншага шляху ў Беларусі не бачым, вы гэта добра ведаеце і разумееце), трэба мець зносіны і размаўляць на розныя тэмы, пачынаючы ад агульнай праблемы бяспекі ў рэгіёне (цяпер, вы ведаеце, у Еўропе штарміць і вельмі моцна, дай бог, каб гэты шторм супакоіўся). З іншага боку, ёсць мясцовыя праблемы. Да прыкладу, будаўніцтва атамнай станцыі – тэма, якая вельмі актуальная ў Літве і, як мы лічым, вельмі палітызаваная», – цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

Як піша БелТА, падчас сустрэчы Раландас Паксас адзначыў, што прыехаў у Беларусь з марай – дэмілітарызаваць Балтыйскі рэгіён і наладзіць супрацу паміж дзяржавамі. Летась еўрадэпутат абмяркоўваў гэтую тэму з Уладзімірам Пуціным, а ў будучыні плануе правесці аналагічныя сустрэчы з кіраўніцтвам ЗША і Нямеччыны.

«Мяне турбуе сітуацыя ў рэгіёне. Я бачу, што вайсковыя ястрабы (усё роўна, з якога боку) хацелі б пачаць вайну паміж Злучанымі Штатамі і Расеяй менавіта ў гэтым рэгіёне, – сказаў ён журналістам пасля сустрэчы з кіраўніком Беларусі. – Я выступаю за тое, што трэба пачаць будаваць гэтыя стасункі зусім па-іншаму, каб бяспеку рэгіёну гарантавала дыпламатычная сіла, а не вайсковая».

  • Раландас Паксас быў прэзідэнтам Літвы з лютага 2003-га па 6 красавіка 2004 года. Сышоў з пасады ў выніку імпічменту.
  • 30 кастрычніка 2003 года дэпартамент дзяржбяспекі Літвы перадаў кіраўніцтву сейма дакументы, якія сведчылі пра сувязі атачэння Раландаса Паксаса з «міжнароднай злачыннасцю». Паксаса абвінавачвалі ў сувязях з расейскім прадпрымальнікам Юрыем Барысавым (нібыта звязанага з мафіяй), які фінансаваў перадвыбарчую кампанію палітыка ў абмен на шэраг рашэнняў на сваю карысць у выпадку абрання на пасаду прэзідэнта. Камісія Сейма прыйшла да высновы, што Паксас можа знаходзіцца «пад уплывам шэрагу асобаў», у тым ліку Юрыя Барысава, што «стварае пагрозу нацыянальнай бяспекі» краіны. Канстытуцыйны суд Літвы прызнаў, што Паксас незаконна даў грамадзянства Юрыю Барысаву, не забяспечыў захаванасць дзяржаўнай таямніцы і аказаў ціск на прыняцце рашэнняў прыватнымі асобамі і кампаніямі.
  • 6 красавіка Сейм абвясціў Паксасу імпічмент. Пазней літоўская пракуратура высунула крымінальныя абвінавачванні супраць Паксаса, але суд прызнаў яго невінаватым.
Hавiны
Літва мяняе прэзідэнта. З кім Лукашэнку дамовіцца пра БелАЭС найпрасцей?
2019.04.15 16:45

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў