Лукашэнка: «Прырост насельніцтва – пытанне нацыянальнай бяспекі»


Аляксандр Лукашэнка, 14 снежня 2018 г. Фота - president.gov.by

Дэмаграфічная сітуацыя і ўдасканаленне мер дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, абмяркоўваецца сёння на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе БелТА.

«У сферы дэмаграфічнай бяспекі мы сутыкаемся з такімі ж праблемамі, як і большасць дзяржаў свету. Гэта зніжэнне ўзроўню нараджальнасці і павелічэнне натуральнага змяншэння насельніцтва. Калі не прымаць мераў, то, паводле прагнозаў спецыялістаў, тэндэнцыі да зніжэння колькасці насельніцтва і яго старэння будуць толькі ўзмацняцца аж да 2040 года », – заявіў Лукашэнка.

Ён распавёў, што для падтрымкі семʼяў з дзецьмі ў Беларусі прыняты «выключныя меры»: аплачваецца адпачынак па доглядзе за дзіцем да трох гадоў, льготнае крэдытаванне для шматдзетных і праграма сямейнага капіталу. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, наколькі прынятыя меры эфектыўныя і ці спрыяюць яны павышэнню нараджальнасці.

«Прырост насельніцтва, павышэнне ягонага працоўнага патэнцыялу – пытанне нацыянальнай бяспекі, стабільнасці нашай дзяржавы, дабрабыту цяперашняга і будучых пакаленняў», – выказаўся Лукашэнка.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у першым квартале 2018 году ў Беларусі зарэгістравана 9 млн 492 тыс чалавек, а ўзровень прыросту насельніцтва падае.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары