Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваўся ў Берасце, дзе ў гэтыя дні ладзяцца асноўныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 1000-годдзя гораду, паведамляе прэсавая служба кіраўніка краіны.
На верталётнай пляцоўцы Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў кіраўніка Берасцейшчыны Анатоля Ліса, ці паспелі да юбілею зрабіць усё, што планавалася. Кіраўнік рэгіёну запэўніў, што працы выкананыя, шмат зроблена ў справе будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў, завершана збудаванне важнай транспартнай развязкі – Заходняга абходу Берасця.
Кіраўнік краіны таксама заслухаў кароткі даклад пра хаду палявых прац і сітуацыю ў сельскай гаспадарцы вобласці.
Падчас працоўнай паездкі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Заходняга абходу Берасця. Сімвалічную стужку разам з Кіраўніком дзяржавы перарэзалі старшыня Берасцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс, старшыня Берасцейскага гарвыканкаму Аляксандр Рагачук і генеральны дырэктар ААТ «Будаўнічы трэст № 8» Павел Сацута. На цырымоніі адкрыцця таксама прысутнічалі прадстаўнікі працоўных калектываў дарожна-будаўнічых арганізацыяў, якія ўдзельнічалі ва ўзвядзенні развязкі.
Затым кіраўніка дзяржавы чакаюць у цэнтры гораду на ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным пачатку святкавання 1000-годдзя Берасця. Плануецца таксама, што Аляксандр Лукашэнка наведае мемарыяльны комплекс «Берасцейская крэпасць-герой».
Напрыканцы жніўня кіраўнік краіны зрабіў некалькі візітаў на Гарадзеншчыну. Такім чынам Аляксандр Лукашэнка актывізаваў свае паездкі па рэгіёнах краіны, што можа сведчыць пра пачатак ягонай выбарчай прэзідэнцкай кампаніі.
СК belsat.eu