Лукашэнка пачаў прэзідэнцкую кампанію ў Іўі: «Ускраіны любой губерні – таксама раёны, якія павінны развівацца»


Аляксандр Лукашэнка збіраецца наведаць «аддаленыя раёны» у кожнай вобласці.

Пра гэта ён заявіў 21 жніўня, наведваючы Іўеўскі раён Гарадзенскай вобласці, піша belta.by.

Дзяржаўнае агенцтва падкрэслівае, што кіраўнік краіны прыехаў у Іўеўскі раён, «бо вельмі перажывае за «вялікую памылку Гарадзенскай вобласці, калі ўсе губернатары тапталіся на захадзе» і больш увагі надавалі развіццю Горадні і заходніх раёнаў вобласці.

«Я хачу паказаць пачынаючы з Іўя, што ўскраіны любой губерні – таксама раёны, якія павінны развівацца, як трэба. [..] Цяпер я прайдуся па гэтых раёнах, якія ня валаўтваральныя, якія дзесьці там… Але там жа нашы людзі жывуць. Таму асаблівасць гэтай паездкі ў тым, што я хачу цяпер наведаць аддаленыя раённыя цэнтры ў кожнай вобласці», – сказаў Лукашэнка.

У Іўі Аляксандр Лукашэнка наведаў цэнтр культуры, дзе паглядзеў выступ народнага ансамблю «Чабарок» і спектакль «Ніхто не паверыць» паводле твору Яна Экхольма «Тутта Карлсан, першая і адзіная, Людвіг XIV ды іншыя …». Спектакль падрыхтаваў тэатральны калектыў з мясцовай школы.

Нагадаем, што старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына назвала магчымую дату выбараў прэзідэнта краіны. Паводле яе, выбары могуць прайсці праз год – 30 жніўня 2020 года.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў