Лукашэнка возьмецца за лён у Карэлічах і Дзятлава


Аляксандр Лукашэнка працягвае інспекцыю па Гарадзеншчыне. Чарговымі кропкамі ягонага маршруту стануцца Карэлічы і Дзятлава. Пад асаблівы кантроль там кіраўнік краіны паабяцаў узяць рэгіянальныя ільнозаводы. Напярэдадні візіту «Белсат» з’ездзіў у Карэлічы і даведаўся, чаго чакаюць ад кіраўніка краіны і як рыхтуюцца яго сустрэць.

Якасць лёну ў Карэлічах праверыць Аляксандр Лукашэнка. Падрыхтоўка да візіту тут распачалася адразу пасля заявы, што ён плануе наведаць мясцовы ільнозавод. Прыбіранне лёну з палеткаў у Карэліцкім раёне ідзе ўзмоцненымі тэмпамі – таго патрабуе не толькі спрыяльнае надвор’е, але і абяцаны высокі візіт.

Сыравіну звозяць на бліжэйшае прадпрыемства «Карэлічы-лён». У кіраўніцтве, аднак, сцвярджаюць, што адмыслова не рыхтуюцца, бо «заўжды гатовыя», але цяжкасці ёсць: два мінулыя гады сталіся «правальнымі» з-за дрэннага ўраджаю. На сёлета прагнозаў не даюць і размаўляць адмаўляюцца, але працаўнікі на прадпрыемства не скардзяцца.

«Вельмі добра працуецца: ёсць праца, добра аплочваецца. У сярэднім заробак – не менш за 500 рублёў. Начальства да нас добра ставіцца, годна, і заробак годны. Але кожны хацеў бы яшчэ большы – я так думаю, маё меркаванне – мо б хто інакш сказаў», – кажа працаўніца заводу Алена Чэмярыс.

Анансаванага візіту ў Карэлічах чакаюць і рыхтуюцца на ўсіх узроўнях: парадкуюць дарогі і ўсе падʼязныя шляхі. Самых жа працаўнікоў перадусім турбуе як аплачваецца іхная праца, і вырашэнне праблемы нізкіх заробкаў якраз і ўскладаюць на візіт высокага госця.

«Хапае працы, а заробкі… так сабе».

«Каб заробак лепшы быў, бо што гэта – 200 рублёў. Усё ж ён прэзідэнт – трэба ж і калгаснікаў больш паважаць – лепшы заробак даць. А якія яшчэ перамены чакаць – галоўнае, каб мір быў, а на кавалак хлеба заробім».

«Ён робіць сваю работу, а мы сваю. Хочам, каб заробак падняў крыху вышэй, а ўсё астатняе задавальняе, нібыта дзеці, усё ў парадку. У мяне 350 рублёў, але ж неяк жывём», – кажуць працаўнікі камунальных службаў.

Адсутнасць працы, малыя заробкі і чынавенскае гаспадаранне – галоўныя праблемы, пра якія кажуць таксама іншыя жыхары Карэлічаў:

«Чулі пра візіт, чакаем, хацелі бы сустрэцца, за руку павітацца, але хто нас туды пусціць? Хацеў бы… Больш начальства прыціскаць, а то расперазаліся зусім».

«У нас няма працы ў Карэлічах, няма. Крыху працуе маслазавод і ільнозавод – вельмі цяжка з працай, нават будаўнічых арганізацыяў няма».

«Няхай едзе, паглядзіць, як народ жыве – у кожным двары машына, але хочацца лепш – народ, пенсіянеры пакрыўджаныя».

Айчынны лён – сярод стратэгічных беларускіх сельгаскультураў: на яго перапрацоўванні занятыя каля 40 ільнозаводаў ва ўсёй краіне. Аднак абʼём і якасць льняных вырабаў – не канкурэнтная на еўрапейскім рынку. У кірунку рэанімацыі льнаводчай галіны краіны нават прымаліся некалькі адмысловых дзяржаўных праграмаў, кажа лідар незалежнага прафсаюзу Аляксандр Ярашук:

«Мы маглі б быць канкурэнтаздольнымі хаця б у сваім рэгіёне, але і тут губляем сваю канкурэнтаздольнасць, бо лён – вельмі «трапяткая» культура, тонкая тэхналагічна. І такі вульгарны гаспадарчы арганізм, як калгас, не прыдатны да таго, каб займацца ільнаводствам».

Паводле адмыслоўца, эфектыўнасць ільнаводства магчымая пры ўмове рэфармавання ўсяго працэсу вытворчасці. Але шэраг візітаў у рэгіёны кіраўніка краіны – гэта яшчэ і падрыхтоўка да недалёкіх парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў.

Галіна Абакунчык, belsat.eu