Лукашэнка пра «Маці-328»: Ім трэба параіць своечасова займацца сваймі дзецьмі


На нарадзе ў барацьбе з наркотыкамі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што прапановы і просьбы бацькоў асуджаных паводле наркатычных артыкулаў варта вывучаць, але ім самім трэба было «своечасова займацца сваймі дзецьмі». Пра гэта паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

«Асабліва абмяркоўваюць і галосяць так званыя «Маці-328». Мы, вядома, іх разумеем: гэта бяда ў сямʼі. Ім трэба параіць своечасова займацца сваймі дзецьмі. А потым галасіць, стагнаць і высоўваць прэтэнзіі да ўлады, – сказаў Лукашэнка. – Маці правільна завастраюць увагу на неабходнасці больш эфектыўнай працы з моладдзю па прафілактыцы нарказлачыннасці і наркаманіі. Прапаноўваюць нам больш актыўна весці прафілактыку, толькі забыліся, што ім самім трэба было гэтай справай займацца ў сямʼі».

Тым не менш Лукашэнка лічыць патрэбным старанна вывучыць прапановы, якія зыходзяць у тым ліку ад гэтых маці.

«Яны пацярпелыя. Яны, напэўна, адчуваюць гэтую праблему вастрэй, чым усе іншыя», – дадаў ён.

Раней на нарадзе па барацьбе з наркотыкамі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што судзейскі корпус трэба зарыентаваць на больш гнуткае ўжыванне пакаранняў за наркатычныя злачынствы. «Дарэчы, за змякчэнне пакарання ў такім памеры, як мы прынялі рашэнне, выступалі так званыя ці то партыя, ці то грамадская арганізацыя («Маці-328» – заўв. belsat.eu), – нагадаў Лукашэнка. – У людзей не павінна быць сумневаў у справядлівасці і абгрунтаванасці судовых рашэнняў. Галоўная задача суда – старанна разабрацца ў сітуацыі і прызначыць адэкватнае абставінам справы пакаранне».

«Запісала зварот на тэлебачанні, атрымаўся крык душы». З чым маці-328 ідуць у дэпутаткі

ІІ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары