Лукашэнка пра інтэграцыю з Расеяй: Шантажаваць нас бессэнсоўна


Аляксандр Лукашэнка заявіў, што інтэграцыя з Расеяй мусіць адбывацца паступова і пры ўмове поўнага выканання ўсіх папярэдніх дамоўленасцяў.

«Трэба выконваць дамову і ісці крок за крокам па выкананні гэтых пагадненняў», – сказаў ён на прэс-канферэнцыі для расейскіх журналістаў.

Паводле Лукашэнкі, стасункі дзяржаваў мусяць будавацца на роўных умовах і ўзаемным даверы. «Калі няма выканання – няма саюзу», – сказаў ён.

«Шантажаваць нас, спрабаваць нахіляць, стаць каленам на грудзі, бессэнсоўна. Мы павінны ісці да інтэграцыі дзеля яднання нашых народаў. Не магу пайсці на закулісныя махінацыі, усё павінна быць сумленна і адкрыта», – адзначыў Лукашэнка.

ВІДЭА
Лукашэнка плануе развязаць свае спрэчкі з Пуціным да новага года
2018.12.14 10:19

Лукашэнка заявіў, што сцвярджэнні нібыта Расея ўлівае ў беларускую эканоміку дзясяткі мільярдаў долараў – лухта. Ён падкрэсліў, што калі і аказваецца пэўная крэдытная падтрымка з расейскага боку, то, па-першае, гэта робіцца па значна большай працэнтнай стаўцы, чым крэдыты МВФ. Па-другое, Расея крэдытуе канчатковага спажыўца, які вырабляе тавар, у тым ліку з расейскіх камплектуючых.

«Вельмі часта я чытаю ў СМІ, чую нават ад прыхільнікаў нашага саюзу такія фразы: ну што мы кормім увесь час Беларусь? А некаторыя нават падлічылі, што за час незалежнасці нам аж $ 100 млрд адвалілі. Я калі гэта чытаю, думаю, што калі б $ 100 млрд, то беларусы падавіліся б проста ад такой вялікай колькасці купюр, якія паступілі ў замежнай валюце ад нашай брацкай дзяржавы. Поўнае глупства», – падкрэсліў Лукашэнка.



ІІ, belsat.eu, паводле БелТА і sputnik.by

Стужка навінаў