Лукашэнка перасцярог ад паразы на Еўрапейскіх гульнях: Крый божа праваліцеся – вам у краіне няма месца


На нарадзе па развіцці летніх відаў спорту кіраўнік Беларусі жорстка папярэдзіў Сяргея Кавальчука і старшыню Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзіма Дзевяткоўскага не праваліць Еўрапейскія гульні, якія пройдуць улетку 2019 года.

«Народ стаміўся чакаць ад вас вынікаў. Калі будуць медалі?», – спытаў ён міністра спорту і турызму Сяргея Кавальчука.

«Аляксандр Рыгоравіч, II Еўрапейскія гульні стануць першым мерапрыемствам, дзе краіна ўбачыць годны вынік», – адказаў той.

Тады Лукашэнка перасцярог: «Давайце па-мужчынску. Крый божа, вы праваліцеся на Еўрапейскіх гульнях, вам у краіне няма месца. Ні вам, ні Дзевятоўскаму, ні астатнім».

ІІ Еўрапейскія гульні пройдуць у Беларусі з 21 па 30 чэрвеня 2019 года. Ужо цяпер спартовае свята беларускіх уладаў можа апынуцца пад пагрозаю байкоту. Пакуль што – толькі з боку Нямеччыны. Адна з прычыныў – ціск на незалежныя медыі, які асабліва ўзмацніўся апошнім часам. У межах гэтак званай справы БелТА затрымлівалі ў тым ліку і журналіста нямецкага выдання Deutsche welle Паўлюка Быкоўскага.

Між тым байкатаваць відовішчы, запланаваныя на чэрвень наступнага года, збіраюцца не толькі за мяжою. Беларусы таксама без імпэту ставяцца да імпрэзы.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў