Лукашэнка памяняў рэктараў у трох ВНУ. Студэнты ладзяць акцыі пратэсту


Новых рэктараў трох ВНУ – двух менскіх і адной берасцейскай – прызначыў Аляксандр Лукашэнка 20 кастрычніка, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

Рэктарам Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэту (МДЛУ) стала Наталля Лапцева (да гэтага ўзначальвала факультэт нямецкай мовы).

Кіраўніком Беларускага дзяржаўнага універсітэту культуры і мастацтва (БДУКМ) прызначана Наталля Карчэўская (была намеснікам міністра культуры).

Берасцейскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт (БрДТУ) узначаліў Аляксандр Бахановіч (экс-прарэктар па вучэбнай рабоце БНТУ).

Студэнты БДУІР зладзілі чарговую акцыю салідарнасці з затрыманымі студэнтамі і завадчанамі на прыступках сваёй навучальнай установы. Фота belsat.eu

Куды сыдуць былыя кіраўнікі гэтых навучальных устаноў, невядома.

Студэнты МДЛУ і БрДТУ выйшлі на акцыі пратэсту супраць змены рэктараў іх ВНУ.

Новыя прызначэнні і адбылася, верагодна, праз студэнцкія акцыі пратэста. Раней Лукашэнка выказваў незадаволенасць гэтым і пагражаў зрабіць кадравыя перастаноўкі.

Студэнты біяфаку БДУ падтрымліваюць студэнтаў МДЛУ. 7 верасня 2020 г.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

«Паводзіны часткі студэнтаў паказвае іх, мякка кажучы, нядбайнае стаўленне да вышэйшай адукацыі. Гэта можа прывесці да страты яго каштоўнасці як значнай сацыяльнай прыступкі. Недапрацоўваюць рэктары ВНУ. У бліжэйшы час, на працягу тыдня, мы павінны вырашыць кадравую праблему па такіх ВНУ», – казаў Лукашэнка на нарадзе 9 кастрычніка.

Днямі таксама міністэрства адукацыі разам з мінфінам выпусцілі пастанову, згодна з якой, студэнтаў з 10 гадзінамі прагулаў, будуць пазбаўляць стыпендыі. Гэта рашэнне таксама накіравана на рэпрэсіі супраць тых, хто пратэстуе.

АА belsat.eu

Стужка навінаў