Лукашэнка падарыў на вяселле журналістам БТ мех бульбы


Кіраўнік Беларусі падарыў пары журналістаў дзяржаўнага тэлебачання бульбу са свайго ўчастку.

Жаніх і нявеста – працуюць на БТ. Сяргей Гусачэнка кіруе Агенцтвам тэленавінаў, а Вольга Макей мае сваю праграму і суправаджае Аляксандр Лукашэнку за мяжой і ў на радзіме. Гэтак было і цяпер.

«Усім, я думаю, вядома, што ў гэтую суботу 26 жніўня, Аляксандр Лукашэнка з малодшым сынам і сваёй камандай прыбіраў ураджай на асабістым падворку. Усе таксама ведаюць і прынцып кіраўніка дзяржавы: усе, хто працуе побач, працуюць побач усюды», – выдае Вольга свае прафесійныя сакрэты калегам з «Камсамольскай праўды».

Гэтак раней Вольга Макей ужо і лён перабірала, і жыта сярпом жала, і падчас касьбы граблямі арудавала летась. А дзень вяселля аказалася, што яна павінная была рабіць рэпартаж пра ўборку бульбы. Аднак шлюб аказаўся больш важным.

Лукашэнка, відаць, здзівіўся, калі ў поле не заўважыў памочніцы з БТ. Калі ён даведаўся ў чым справа, адправіў букет кветак і мех свежавыкапанай бульбы.

«Вось і атрымліваецца – рэпартаж не пісала, ураджай не збірала, а бульбу ўсё адно атрымала! Дзякуй прэзідэнту! Гэта сапраўды быў самы ашаламляльны і арыгінальны сюрпрыз!», – падзялілася Макей.

Дзяўчына заўважае, што цяпер сутыкнулася з праблемай, што ўсе сябры і сваякі напрошваюцца ў госці, каб пакаштаваць «тую самую» бульбу…

ЦГ/ДР belsat.eu

Стужка навінаў