Лукашэнка назваў Святлану Ціханоўскую «авечкай» і заявіў, што не дасць разарваць краіну


Кіраўнік Беларусі пракаментаваў падзеі 9 жніўня. Лукашэнка заявіў, што адказ на неправамерныя дзеянні будзе адэкватны, і разарваць краіну ніхто не дазволіць. Ён заявіў пра гэта сёння падчас 8-хвіліннай прэс-канферэнцыі, адказваючы на пытанні дзяржаўных журналістаў.

«… Нам спрабуюць гэтую заварушку падкінуць. Я папярэджваў: майдана не будзе, як бы каму гэтага ні хацелася. Таму трэба ўціхамірыцца, супакоіцца. А бацькам трэці раз гавару паглядзець, дзе іх дзіця, каб не было потым балюча. Каб не ахкалі, не войкалі.

Параненыя каля 25 хлопцаў з АМАПу. Ёсць пераломы рук, ног. Спецыяльна, мэтанакіравана білі па гэтым хлопцам. Яны адказалі. Чаго цяпер галасіць і плакаць? Таму адказ будзе адэкватны. Краіну разарваць мы не дазволім».

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што раніцай яму далажылі пра абстаноўку ў краіне.

«Па адных размовах мы бачым лялькаводаў. Адна з гэтых лініяў лялькаводаў – Чэхія. Сёння ўжо з Чэхіі кіруюць нашым аб’яднаным штабам, дзе, прабачце мяне, сядзяць гэтыя авечкі, нічога не разумеючы, што ад іх хочуць. Я даручыў выдаць гэтую інфармацыю ў СМІ, каб убачылі, чаго яны хочуць.

Яны працягваюць насядаць, працягваюць патрабаваць: выводзьце людзей на вуліцу і вядзіце перамовы з уладамі пра добраахвотную здачу ўлады… Гэта значыць Лукашэнка, які знаходзіцца на чале вертыкалі ўлады, на чале дзяржавы добраахвотна пры 80% галасоў павінен перадаць ім уладу. Гэта адтуль [з-за мяжы] ідуць каманды».

Кіраўнік дзяржавы пракаментаваў і сітуацыю з вялікімі чэргамі, якія ўтварыліся ў дзень асноўнага галасавання каля некаторых выбарчых участкаў.

«Спачатку стаялі, дэманстравалі вялікія чэргі. Думалі, што ў 20:00 гадзін мы закрыем участкі, і яны абскардзяць вынікі выбараў. Што яны прыйшлі, а ім не далі прагаласаваць. Я папрасіў, каб усе мабілізаваліся, і Цэнтрвыбаркам падоўжыў галасаванне.

У 20:20 чаргі няма, ніводнага чалавека практычна. Толькі адзін участак у Менску застаўся, дзе пасля 20 гадзін яшчэ 30 хвілін галасавалі», – адзначыў Лукашэнка.

Таксама ён заявіў, што аб’яднаны штаб Святланы Ціханоўскай папрасіў прадаставіць ім ахову.

«Але самае дзіўнае, што мяне насцярожыла ўначы: з вечара ўчора мы атрымалі аператыўную інфармацыю ад гэтага так званага абʼяднанага штаба. Нехта ж дадумаўся іх усіх разам сабраць у адным будынку. І журналістаў яшчэ апазіцыйных. Усяго недзе 55 чалавек. І з іх ёсць яшчэ чалавек, які, напэўна, з галавой сябруе, – патэлефанаваў нам і папрасіў дзяржаву ўзяць пад ахову гэты офіс. Спалохаліся.

Патрэбна была сакральная ахвяра. Разумееце, атачылі гэты офіс, і хто яго ведае, хто атачыў… і нам прыйшлося 120 чалавек вылучыць, каб кантраляваць сітуацыю вакол гэтага офісу. Не дай бог адвярнулі б галаву адной з іх ці камусьці, мы б адмываліся гадамі. Таму вымушаныя былі ўзяць іх пад ахову. Яны гэта цэняць. Хутка ацэняць», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Распачатыя крымінальныя справы па факце масавых беспарадкаў і гвалту супраць міліцыі. Удзельнікам мірнага пратэсту пагражае да 15 гадоў турмы.
Стужка навінаў