Лукашэнка: Мы гатовыя зрабіць усё, каб на Данбасе быў мір


Фота ЕРА

Сёння падчас выступу на паседжанні Савета міністраў замежных спраў СНД Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая зрабіць усё для ўстанаўлення міру на Данбасе.

«Міжнародная абстаноўка сёння літаральна перанасычаная напружанасцю. Найбольш небяспечная тэндэнцыя на еўраатлантычнай прасторы – ідзе расхістванне сістэмы процівагаў, якія раней стрымлівалі дзяржавы і блокі-супернікі. Знаходзячыся на своеасаблівым геапалітычным разломе, Беларусь усведамляе недасканаласць раскручвання спіралі канфрантацыі ў Еўрапейскім рэгіёне. Мы фактычна на парозе новай гонкі ўзбраенняў. Эксперты сцвярджаюць, што халодная вайна ўжо ідзе», – сказаў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што «спробы выпрацаваць новую парадыгму светабудовы адбываюцца не за сталом перамоваў, а ў гарачых кропках», бліжэйшая з якіх – Данбас.

«Шырокамаштабныя баявыя дзеянні дзякуючы менскім пагадненням там спыненыя, але людзі, на жаль, працягваюць гінуць. Яшчэ раз пацвярджаю – мы гатовыя зрабіць усё, каб на Данбасе быў мір. На прынцыпах захавання ўсіх міжнародна-прававых фармальнасцяў і пры згодзе канфліктуючых бакоў», – сказаў Лукашэнка.

На травень 2018 гадоў ў Менску запланаваная міжнародная экспертная канферэнцыя «Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх». Таксама ў 2018 годзе ў Беларусі пройдуць антытэрарыстычная канферэнцыя АБСЕ «Прадухіленне і барацьба з тэрарызмам у лічбавую эпоху» і сустрэча Асноўны групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Лукашэнка заклікаў краіны-партнёры «на самым высокім узроўні» далучыцца да абмеркавання сітуацыі падчас гэтых мерапрыемстваў.

Нагадаем, раней Лукашэнка паведаміў пра гатоўнасць даслаць на ўсход Украіны міратворчы кантынгент, калі будзе існаваць дамоўленасць паміж Пуціным і Парашэнкам. Гаворка вялася нават пра «дзесяць тысяч вайскоўцаў», хаця міратворчая рота ў Беларусі ўсяго адна. Пры гэтым Украіна, пачынаючы з 2015 года, выступала за тое, каб сярод міратворцаў не было ні расейцаў, ні беларусаў.

КА, belsat.eu, паводле belta.by

Глядзі таксама
Каментары