Алкагрошы ў бюджэт. Лукашэнка патрабуе ўзмацніць кантроль над вытворцамі алкаголю


Кіраўнік краіны патрабуе ўзмацніць манаполію на вытворчасць і продаж алкаголю.

Пра гэта ён заявіў на сённяшняй нарадзе, інфармуе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

«Алкагольная прадукцыя – тавар асаблівы, падакцызны, і ва ўсім свеце ён рэгулюецца жорстка дзяржавай. Беларусь не выключэнне. Напэўна, у нас самае жорсткае рэгуляванне, паколькі існуе пэўная манаполія на вытворчасць і рэалізацыю алкаголю. І я абсалютна перакананы, што мы на гэтым этапе мусім пагледзеўшы на гэтае пытанне, гэтую манаполію ўзмацніць, зыходзячы з досведу працы апошніх гадоў», – заўважыў Лукашэнка.

Падчас нарады ён адзначыў неабходнасць абмеркавання праблемаў, звязаных з ужываннем алкаголю:

«Не сакрэт, што дадзены прадукт з’яўляецца сурʼёзнай падмогай для нашага бюджэту. Так усюды, у любой дзяржаве, мы гэта не ўтойваем. Але не гэта галоўнае. Галоўнае – наступствы гэтага піцця, таму хацелася б, каб прысутныя тут адказныя за развіццё алкагольнай галіны закранулі і пытанне наступстваў».

Таксама кіраўнік Беларусі заявіў, што нельга дапускаць з«яўлення на рынку неякаснай прадукцыі:

«Гэта, перадусім, пагроза для жыцця і здароўя людзей. Не скажу, што ў нас ужо вельмі вялікая праблема з гэтай справай, асабліва з імпартам недабраякаснай прадукцыі з-за мяжы. Імпарт у нас складае ўсяго 3-3,5%, пры тым гэта толькі тыя прадукты, якія мы не вырабляем».

Менгарвыканкам спрабаваў з 1 кастрычніка абмежаваць гандаль алкаголем. Згодна з пастановай, крамы не маглі прадаваць алкаголь за 23:00 да 07:00. Аднак Аляксандр Лукашэнка загадаў тэрмінова адмяніць абмежаванне.

НМ, belsat.eu, фотаздымак Reuters / Damir Sagolj / Forum

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары