Лукашэнка: Акадэмія кіравання павінна стаць галоўнай ВНУ краіны


Аляксандр Лукашэнка 18 кастрычніка падчас наведвання Акадэміі кіравання пры прэзідэнце заявіў, што гэтая ўстанова павінна стаць галоўнай ВНУ краіны, перадае прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Лукашэнка падкрэсліў, што будучыя кіраўнікі павінны валодаць усебаковымі ведамі, у тым ліку ў сферы ІТ-тэхналогій, але гэта не значыць, што ў Акадэміі павінны рыхтаваць праграмістаў. Ён пагаварыў са студэнтамі і выкладчыкамі і адзначыў, што Акадэмія павінна стаць галоўным ВНУ.

Паводле яго слоў, установа мусіць сканцэнтраваць намаганні на падрыхтоўцы кіраўнікоў новай фармацыі:

«Мяняецца свет, змяняецца грамадства. Патрабаванні да кампетэнцый сучаснага кіраўніка становяцца ўсё вышэйшыя. А значыць, у сістэму павінны прыходзіць кіраўнікі новай фармацыі – кіраўнікі з ярка выяўленымі лідарскімі якасцямі і дзяржаўным мысленнем, матываваныя і накіраваныя на высокі вынік».

«За чвэрць стагоддзя мы стварылі ўстойлівую мадэль кіравання, стабільную ў сваіх базавых арыенцірах. Яны простыя і зразумелыя кожнаму: суверэнітэт нашай краіны, дабрабыт грамадзян і справядлівае стаўленне да людзей, адзінства грамадства», – дадаў Лукашэнка.

Лукашэнка падкрэсліў, што хацеў бы паспець пры сваім прэзідэнцкім жыцці пабудаваць новую акадэмію: не толькі з пункту гледжання новых карпусоў, але і з пункту гледжання выкладання па новых методыках і праграмам. «Практыкаарыентаваная ВНУ, куды б імкнуліся паступіць усе, не толькі з нашай краіны, але і з-за мяжы», – адзначыў ён.

КА belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары