Літва змяніла патрабаванні да ахвотных атрымаць від на жыхарства


Літоўскі Сейм змяніў умовы атрымання віду на жыхарства і дазволу на працу для замежнікаў.

Адпаведныя змены 30 чэрвеня былі ўнесеныя ў Закон аб прававым становішчы замежнікаў.

Ахвотныя жыць у Літве замежнікі (хто пераязджае на падставе зарэгістраванага ў краіне бізнесу) будуць павінныя плаціць сваім працаўнікам заробак, не меншы за два сярэднемесячных заробкі па краіне (1513 еўраў без выліку падаткаў).

З закона прыбралі ўведзены два гады таму абавязак для замежнікаў па працаўладкаванні трох працаўнікоў. Цяпер для атрымання віду на жыхарства магчымае працаўладкаванне аднаго грамадзяніна ЕЗ або Еўрапейскай эканамічнай супольнасці.

Акрамя таго, замежнікі змогуць уладкоўваць на працу тых, хто яшчэ не мае віду на жыхарства, але намагаецца яго атрымаць.

Лягчэй жыць у Літве стане высокакваліфікаваным спецыялістам, замежнікам, якія запускаюць у краіне Балтыі стартапы – прадпрыемствы, звязаныя з навейшымі тэхналогіямі або з іншымі, важнымі для літоўскай эканомікі новаўвядзеннямі.

Такія асобы змогуць не толькі хутчэй атрымаць від на жыхарства, але і перавезці сваю сямʼю.

НМ, belsat.eu, паводле Delfi.lt

Стужка навінаў