Літва можа дапамагчы Беларусі з перавалкай нафты


Менск працягвае шукаць партнёраў, у тым ліку ў краінах Балтыі, якія змаглі б перавальваць сыравіну, што ўвозіцца ў Беларусь. У прыватнасці, такая прапанова паступіла літоўскай кампаніі па пагрузцы нафтапрадуктаў Klaipedos nafta.

Гэтыя звесткі пацвердзіў агенцтву BNS часовы дырэктар кампаніі па нафтабізнесе Гедрус Сабаляускас.

«Мы атрымалі запыт ад беларускіх кліентаў адносна імпарту сырой нафты праз наш тэрмінал у студзені», – адзначыў ён.

Паводле ягоных слоў, Klaipedos nafta гатовая перавальваць сырую нафту з судоў.

Hавiны
Чацвёртая нафтавая. Як, калі і навошта Лукашэнка ваюе з Расеяй
2020.01.15 08:12

Прадстаўнік Klaipedos nafta Арынта Бракаўскайтэ пацвердзіла BNS, што просьба паступіла ад «Беларускай нафтавай кампаніі» (БНК), якая экспартуе прадукцыю асноўных беларускіх НПЗ – Мазырскага і «Нафтану».

У Klaipedos nafta сцвярджаюць, што можа перавальваць да 3 млн тон нафты. Дырэктар Клайпедскага порта па маркетынгу і агульных пытаннях Артурас Друнгілас кажа, што тэарэтычна нафту для Беларусі можна было б імпартаваць і праз кантраляваны кампаніяй Orlen Lietuva Бутынгскі нафтатэрмінал, аднак гэтая кампанія з’яўляецца прамым канкурэнтам беларускіх заводаў.

Нагадаем, пасля таго як перамовы па коштах на нафту з Расеяй зайшлі ў тупік, Беларусь агучыла рашэнне шукаць імпарт сыравіны з краін Балтыі, Польшчы, Украіны, Азербайджану і Казахстану.

КА belsat.eu, паводле delfi.lt

Стужка навінаў