Літоўскі дэпутат: мяжа з незалежнай Беларуссю – гэта ўжо мяжа і з Расеяй

Літоўскія спецслужбы апублікавалі штогадовую справаздачу аб пагрозах нацыянальнай бяспецы. У тэксце шмат разоў узгадваецца Беларусь. Адбылося гэта адначасова з візітам Лінаса Лінкявічуса ў Менск. У беларускай сталіцы кіраўнік літоўскай дыпламатыі разам з беларускім калегам, Уладзімірам Макеем, падсумаваў станоўчыя вынікі двухбаковай супрацы. Але, вядома, хапае і праблемаў. І галоўная з іх бачная проста з Вільні, хаця стаіць у Беларусі. Ці вераць у адлігу палітыкі ды эксперты ў Вільні і Менску?

Лінас Лінкявічус наведаў Беларусь пасля доўгай публічнай спрэчкі адносна будучыні БелАЭС. Самага праблемнага моманту, прынамсі перад журналістамі, міністры не абмяркоўвалі. Кіраўнік МЗС Літвы сустрэўся з Уладзімірам Макеем і прэм’ерам Сяргеем Румасам. Галоўная заява, якая прагучала з боку Лінкявічуса: Літва гатовая далучыцца да доўгатэрміновых паставак вуглевадародаў у Беларусь.

Каментуе беларускі палітолаг Андрэй Ягораў:

«Калі Беларусь будзе пераходзіць на альтэрнатыўныя пастаўкі нафты, то для нас калідор праз Літву і клайпедскі порт з’яўляецца вельмі важным, тым больш што Беларусь валодае часткай Клайпедскага порту, ёсць добрая інфраструктура перавозкі сыравіны. Эканамічна гэта выгодна для Літвы і патэнцыйна добра для Беларусі. Але, з іншага боку, не зразумела, ці альтэрнатыўныя пастаўкі будуць арганізаваныя ці не».

Пакуль не вядома, ці пытанні паставак вуглевадародаў будуць увязваць з пытаннем БелАЭС. Паводле дэпутата літоўскага парламенту Лаўрынаса Касчунаса, гэтыя тэмы, безумоўна, трэба разглядаць у пакеце. Разам з тым пасля чарговай паездкі кіраўніка Беларусі ў Сочы ўсе дамоўленасці пра шляхі альтэрнатыўнай нафты могуць страціць актуальнасць.

Ці Беларусь зможа пастаўляць энергію з БелАЭС у краіны Балтыі?

Гаворыць Лаўрынас Касчунас, віцэ-старшыня камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Сейму Літвы:

«Мы спрабавалі палепшыць стасункі ўжо не адзін раз. Але ў выніку ўсё ідзе паводле сцэнара Лукашэнкі, ён знаходзіць нейкае рашэнне з Расеяй, і ні Літва, ні ЕЗ яму ўжо не патрэбныя. Трэба зразумець, што ён гуляе з намі, а не мы з ім».

Да таго ж літоўцы, як ніхто іншы, разумеюць рызыкі, якія нясе залежнасць ад Расеі ў энергетычнай сферы.

Каментуе Жыгімантас Павілёніс, дэпутат Сейму Літвы:

«Самая галоўная выснова, да якой мы прыйшлі за 30 гадоў: не рабіце [супольна] з расейцамі нічога ў энергетыцы, бо гэты шлях вядзе да страты суверэнітэту. Мы гэта не зразумелі адразу, мы прадалі свае газавыя і нафтавыя сеткі Расеі і пачалі плаціць самую вялікую цану ў Еўропе за гэты «бізнес». І пасля зразумелі, што мусім зрабіць усё, каб стварыць альтэрнатывы».

Але калі казаць пра канкрэтныя дамоўленасці, пакуль на парадку дня – толькі беларуска-літоўскі бізнес-форум, які чакаецца ў сярэдзіне траўня. І што сімвалічна, пройдзе ў Клайпедзе.

Літоўскі палітолаг Марус Лаўрынавічус пакуль бачыць дыялог дзеля дыялогу:

«Гэты дыялог выклікае шмат размоваў тут, у Літве, ён не супярэчыць ані беларускім, ані літоўскім інтарэсам, але галоўнае пытанне застаецца: што гэты дыялог дае?»

Адсутнасць дыялогу часткова тлумачыць даклад Дэпартаменту дзяржаўнай бяспекі Літвы, які ў Вільні прэзентавалі паралельна з візітам міністра Лінкявічуса ў Менск. Шмат старонак у дакуменце прысвечана пагрозам бяспецы Літвы, якія сыходзяць ад Беларусі.

Перадусім у дакладзе гаворка ідзе пра залежнасць Менску ад Масквы ў цэлым шэрагу пытанняў: ад фінансавай сферы, да энергетыкі і вайсковай супрацы з Крамлём.

Генерал-лейтэнант ЗША у адстаўцы Бэн Годжэз: «Гэта не час для Беларусі, каб расслабіцца»

Працягвае Лаўрынас Касчунас:

«Я не стаў бы казаць пра небяспеку з Беларусі, гэта праблема рызыкаў. Беларусь фармальна незалежная краіна, у мілітарнай сферы вельмі інтэграваная з РФ, мы разумеем, што 600 км нашай мяжы – гэта не толькі мяжа з незалежнай Беларуссю, гэта ўжо мяжа з Беларуссю і Расеяй».

Дарэчы сярод рэкамендацыяў літоўскіх спецслужбаў, якія яны даюць мясцовым чыноўнікам, – не наведваць нашай краіны. Паводле экспертаў, можа існаваць рызыка выкрадання для далейшага абмену па лініі абвінавачаных у шпіянажы. Пасля справы ўкраінца Паўла Грыба, якога расейцы выкралі ў Гомельскай вобласці, сцэнар падаецца не такім ужо нерэалістычным.

Тры праблемы Беларусі абмеркавалі ў Еўрапарламенце

Каментуе Аляксандр Сыцін з Цэнтру палітычных даследаванняў Паўночнай і Усходняй Еўропы, Расея:

«Я думаю, з Беларуссю практычна тая самая сітуацыя, што і з Украінай. Вялікая колькасць беларусаў, якія займаюць дзяржаўныя і калядзяржаўныя пасады, насамрэч калі не наўпроставыя, то афіліяваныя супрацоўнікі расейскіх спецслужбаў».

Паводле суразмоўцы «Прасвету», гэта тая праблема, якую ўжо вырашылі балтыйскія краіны, якую апошнімі гадамі вырашаюць ва Украіне і за якую нават не браліся ў Беларусі. Зрэшты, усе, з кім пагутарылі журналісты «Прасвету», пагаджаюцца: размовы пра пагрозы з Беларусі – гэта адбітак празмерна шчыльнай супрацы з Расеяй. Наўпрост ад Менску не ідзе ніякіх пагрозаў. А вось саюз Беларусі з Расеяй выклікае крытыку і з боку нашых суседзяў, і нават Аляксандра Лукашэнкі.

Аркадзь Несцярэнка belsat.eu

Cюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 07.02.2020

Hавiны