Ці Беларусь зможа пастаўляць энергію з БелАЭС у краіны Балтыі?


Будаваць каля Вільні такога монстра, як БелАЭС, – злачынства. Аднак Літва гатовая дапамагчы суседзям-беларусам абысці энергетычны шантаж Крамля ў сферы нафты. У справе ж Астраўца – поўная адсутнасць разумення. Беларусь зрабіла шмат крокаў назад, але ў гістарычным, культурніцкім плане мяжы з Літвою няма, лічыць Пятрас Аўштравічус, дэпутат Еўрапейскага парламенту ад Літвы. Інтэрв’ю Алеся Сіліча з літоўскім палітыкам і эканамістам, які ініцыяваў найноўшую дыскусію пра Беларусь у Еўрапарламенце.

Скончыліся слуханні аб Беларусі ў Еўрапарламенце. Не вельмі часта тут гучыць слова «Беларусь», але дзякуючы вам – часцей. Якая была мэта гэтых дыскусіяў? Ці задаволеныя вы вынікам?

Вы правільна сказалі, што не вельмі часта гавораць пра Беларусь у Еўрапарламенце і ў інстытуцыях ЕЗ. Мая мэта як суседа, які недалёка жыве ад мяжы з Беларуссю, – размаўляць і дыскутаваць пра важныя пытанні, а іх вельмі шмат. І з літоўскай перспектывы, і з еўрапейскай. Сёння мы абмяркоўвалі пытанні палітычнай сітуацыі пасля палітычнай кампаніі ў лістападзе і казалі пра адну вялікую стратэгічную праблему, якая хутка з’явіцца на мяжы з Беларуссю: БелАЭС у Астраўцы. Два пытанні ўдалося абмеркаваць. Я лічу, што ўдзельнікі дыскусіі былі задаволеныя. Яны атрымалі якасную інфармацыю.

ВІДЭА
Нуль кілават у Літву. Усё, каб БелАЭС не пачала працаваць
2019.10.30 08:05

Чаму вылучылі асобна пытанне выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу? Вы ж ведаеце, што ніякіх выбараў і ніякага парламенту ў Беларусі даўно няма. Навошта гэта абмяркоўваць?

Так, выбараў няма, гэта трэба разумець. Некаторыя яшчэ называюць гэтую кампанію выбарачнай. Я – не, бо яна добра скаардынаваная, добра падрыхтаваная і праведзеная, але сам факт, што ніводзін прадстаўнік апазіцыі не абраны, вяртае нас у 1970-я гады, калі была адна правільная партыя – КПСС. І ніхто нават не мог уявіць, што можна крытыкаваць або мець іншае меркаванне.

Я думаю, вынікі гэтых кампаніяў паказваюць, што палітычная сістэма Беларусі зрабіла шмат крокаў назад. Не толькі таму, што няма апазіцыі. Мы зразумелі, што гэтаю сістэмай можна маніпуляваць. Ёсць разуменне, як гэта рабіць. Ніхто не можа сказаць, што будзе наступным разам. Можна меркаваць, што гэта адбудзецца шмат разоў у будучыні. Таму гэта выклікае сумневы, бо некаторыя эксперты яшчэ кажуць пра нейкія пацяпленні, змены да лепшага. Вось гэты крытэр зменаў. Атрымліваецца, змены да горшага.

Дарэчы, пра пацяпленне. Самае балючае пытанне ў Беларусі – правы чалавека. Цяпер праводзіцца шмат пратэставых акцыяў, але ўлады не перасякаюць чырвонай рысы. Няма масавых пасадак, у асноўным даюць штрафы, няма разгонаў, брутальных дзеянняў у дачыненні пратэстоўцаў. Такое ўражанне, што ўлады карыстаюцца гэтым. І вось гэтае змякчэнне з ЕЗ, у тым ліку зніжэнне коштаў на візы, адбываецца дзякуючы таму, што не пераступаюць праз чырвоную рысу. Вы згодныя з гэтым?



Часткова вы маеце рацыю. Я бачу, што насельніцтва краіны стомленае. Яно заклапочанае сацыяльна-эканамічнаю сітуацыяй.

Беларусы ніколі не былі запальчывыя, яны хутчэй спакойныя. І гэтая непазітыўная сацыяльна-эканамічная сітуацыя зрабіла з іх спажыўцоў, а не паўнавартасных чальцоў грамадства.

І стомленасць адчуваецца з еўрапейскага боку. Лукашэнку ўсе ведаюць на памяць, ён кіруе ўжо 25 гадоў, і ніхто нават не спадзяецца на нейкія змены. Я думаю, мы зрабілі правільнае рашэнне знізіць кошты на візы. Няхай ездзяць тыя, хто заплаціць 35 еўраў. Мы маем паказваць дасягненні ў ЕЗ: як мы жывём, як уладкаваныя нашыя палітычная і эканамічная сістэмы. Гэта мусіць быць усім даступна. Але, з іншага боку, ці зменіць гэта палажэнне? Канечне, не. Напэўна, такі ўсё больш адкрыты падыход да людзей у Беларусі можа выклікаць сімпатыю і цікавасць да еўрапейскіх каштоўнасцяў. Я думаю, гэта адыграе пазітыўна, да гэтага трэба ісці. Я ўвогуле не люблю візавых рэжымаў. Гэта мінулае. Людзі маюць жыць свабодна ў каштоўнасцях, якія нас збліжаюць.

Вы сказалі, што Менск стаміўся, Еўразвяз стаміўся, але вы не стамляецеся ўздымаць пытанне Беларускай АЭС. Чаму? І якія пагрозы нясе будаўніцтва станцыі?

Я заўсёды глядзеў на беларусаў як на нашых суседзяў. Так, паміж намі цяпер ёсць мяжа, паміж ЕЗ і не ЕЗ. Але ў гістарычным, культурніцкім плане яе няма. Я думаю, Беларусь мае велізарныя магчымасці дасягнуць таго, што ёсць у Літвы. Літва зрабіла гэта за 30 гадоў. Мы ішлі да гэтага паступова.

Але праблема АЭС на нашай мяжы не месціцца ні ў якіх межах добрага суседства. Яна пабудаваная за 50 км ад Вільні. Усе канвенцыі патрабуюць не менш за 100 км. Навошта? Палітычна запалохаць? Можа быць. Мы разумеем, што гэты праект не распрацаваны ў Менску. Гэта праект Крамля.

І гэта атамны шантаж супраць краіны, якая адкрыта выказвае сваё меркаванне пра постсавецкую прастору і адсутнасць правоў чалавека. Але казаць пра АЭС вымагае не толькі суседства з Вільняй, але і тое, што можа адбыцца з велізарным рэгіёнам у выпадку атамнай аварыі. Трэба казаць цяпер, пакуль пытанне не запушчанае. Трэба абмяркоўваць усе пытанні – фінансавыя, палітычныя ды іншыя. Мы памыліліся. Мы не гаварылі пра гэта ясна, гучна і крытычна, калі трэба было. Ніхто не верыў, што гэта адбудзецца. Праз тое, што гэта палітычны праект, ніхто не глядзіць на грошы. Ніхто не думае, паводле якіх крытэраў бяспекі будуюць гэты аб’ект. Мы будзем пра гэта казаць, патрабаваць прызнаць гэтую стратэгічную рызыку на ўзроўні ЕЗ. Я не думаю, што Лукашэнку будзе лепш ад гэтага. Можа быць, праз гэта нашыя двухбаковыя адносіны пагоршацца. Трэба казаць пра будучыню. Мы мусім несці адказнасць за пакаленні. Гэтая станцыя можа закрэсліць права жыць у бяспецы. Такі шантаж не можа працягвацца.

ВІДЭА
Еўрадэпутат Робэрт Бедрань: Расея зайшла задалёка з Беларуссю
2019.12.30 07:28

Наколькі БелАЭС псуе адносіны паміж Беларуссю і Літвой ды Еўразвязам? Наколькі нам вядома, менавіта пазіцыя Літвы ўплывае на тое, што не падпісваюцца пагадненні паміж Беларуссю і ЕЗ, Беларуссю і NATO.

Вядома, уплываюць. Мы не дурныя і разумеем, што калі не будзем цяпер патрабаваць разгляду пытання АЭС, мы страцім час. Таму ўрад і эліта ў Менску мусяць цалкам разумець гэта. Не мы пачалі гэты шантаж, але мы не паддамося і выкарыстаем усе прававыя, палітычныя, эканамічныя інструменты, каб гэтае пытанне было не двухбаковае, а праблемаю паміж Беларуссю і Еўразвязам.

Пазіцыя Літвы даволі жорсткая ў гэтым пытанні, але Латвія не супраць разглядаць магчымую куплю электраэнергіі БелАЭС. Польшча не збіраецца набываць электраэнергіі. Ці магчыма дасягнуць нейкага кансэнсусу ў Еўразвязе, каб проста салідарна чальцы ЕЗ не куплялі гэтай энергіі?

ВІДЭА
Як Латвія зможа купляць электрычнасць з БелАЭС?
2019.12.01 09:05

Я думаю, гэта мінімум, які павінен адбыцца. Еўрапейская салідарнасць – не толькі маральны крытэр, але і прававы. Калі хтосьці яшчэ думае, што можна пазбегнуць салідарнасці, – гэта самападман. Мы знойдзем шляхі і дыялог з Латвіяй, дакажам правату. Яны, напэўна, думаюць, што Астравец далёка, але ён блізка. Мы будзем з імі размаўляць. Палякі ўжо зразумелі гэта. Менск мусіць ведаць, што балтыйскія краіны пераходзяць на іншую энергетычную сістэму. Пастаўляць энергію з АЭС будзе немагчыма. Можна прымаць нават эканамічныя захады, каб гэта было неканкурэнтаздольным. Мы будзем гэтага дамагацца. Кіраўніцтва краіны не вывучыла ўроку Чарнобылю. Ніхто не ведае, што можа здарыцца. Калі ўвесь свет пераходзіць на зялёную энергетыку, будаваць такога монстра каля Вільні – злачынства. Адказныя асобы мусяць плаціць самую высокую цану.

Мы нядаўна з калегам наведалі порт Клайпеды. Мы даведаліся, што магчымая далейшая супраца паміж Літвой і Беларуссю ў пытанні паставак нафты праз Клайпеду, а не з Расеі. Як вы гледзіце на перспектыву падобнай супрацы ды як яна можа паўплываць на супрацу ў іншых сферах?

Энергетыка заўсёды была напалову ці нават больш звязаная з палітыкаю. Крэмль стараецца гуляць гэтаю картай і ставіць Беларусь у крытычную пазіцыю. Таму мы гатовыя дапамагчы суседзям абысці энергетычны шантаж. Мы гэта праходзілі, калі была зачыненая «Дружба» з «тэхнічных прычынаў». А гэтую трубу і цяпер можна выкарыстоўваць. Мы не звязваем усе пытанні ў адно. Калі б мы хацелі байкатаваць, мы б даўно пачалі. Мы намагаемся гаварыць з Менскам, але наконт Астраўца – поўная адсутнасць разумення.

Абмяркоўвалася таксама паглыбленая інтэграцыя паміж Расеяй і Беларуссю. Вы песіміст у гэтым пытанні. Ці атрымоўваецца вам неяк пераканаць аптымістаў у ЕЗ?

Шчыра, я не знайшоў ніводнага аптыміста. Еўразвяз – арганізацыя з агульнаю кампетэнцыяй, але суверэнітэт застаецца, гэта значыць, што незалежныя дзяржавы існуюць, хоць у нас агульная палітыка ў сельскай гаспадарцы, каштоўнасці і законы. Гэта прыклад для Беларусі: навошта гэта рабіць – губляць суверэнітэт? Я бачу ў гэтым толькі палітычны план, няма ніякага эканамічнага складніку. І праводзіць зліццё без рэферэндуму, меркавання людзей – гэта продаж суверэнітэту за трыццаць срэбранікаў. Гэта будзе гістарычная памылка, за якую будуць плаціць наступныя пакаленні.

Фота – Natalia Fedosenko/TASS/Forum

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 24.01.2020

Іншыя тэмы выдання:

 

Стужка навінаў