Лідар Камуністычнай партыі Ігар Карпенка прызначаны міністрам адукацыі Беларусі


Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка прызначыў першага сакратара ЦК Камуністычнай партыі Ігара Карпенку міністрам адукацыі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што спыніўся на кандыдатуры Ігара Карпенкі, выбіраючы сярод шматлікіх прапанаваных, падае дзяржаўнае агенцтва БелТА.

«Вас не трэба пераконваць у ідэйнай накіраванасці нашай дзяржавы. І вас не трэба пераконваць у тым, якая ўвогуле ў нас мусіць быць адукацыя», – сказаў кіраўнік краіны.

«Вы – чалавек прагрэсіўны. І вы добра ведаеце недахопы нашай савецкай адукацыі, непасрэдна ведаеце найлепшыя школы краіны і іх недахопы. У вас велізарны досвед працы ў сацыяльнай сферы, перш за ўсё ў адукацыі. Гэта галоўныя фактары, якія схілілі мяне да таго, што менавіта Карпенка павінен сёння ўзначаліць гэты кірунак», – растлумачыў сваё кадравае рашэнне кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што перад Ігарам Карпенкам стаіць шмат задач па развіцці і вырашэнні розных праблемных пытанняў у адукацыі. У тым ліку гаворка ідзе пра далейшую рэалізацыю пэўнай канцэпцыі для гэтай сферы, удасканаленне навучальных праграм.

«На жаль, мае ўстаноўкі не ў поўным абʼёме рэалізаваныя ў адукацыі. І вам гэта трэба будзе ўсё рэалізаваць», – адзначыў лідар Беларусі.

Да цяперашняга часу Ігар Карпенка быў галоўным ідэолагам у Менгарвыканкаме.

«Прызначэнне Ігара Карпенкі міністрам адукацыі – гэта абвяшчэнне сістэмы адукацыі ў Беларусі мёртвай. І, вядома, гэта ганьба і сорам перад беларускім народам і перад усім светам. За выключэннем Паўночнай Карэі. Гэтыя ацэняць, яны ведаюць, што ад адукацыі толькі праблемы», – напісаў пра новае прызначэнне ў сваім «Фэйсбуку» лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Папярэднім міністрам адукацыі са снежня 2014 года быў нарадзінец Салігорску Міхаіл Жураўкоў. Сёлета міністр уцякаў ад пытання журналістаў пра напад з нажом вучня адной са сталічных гімназіяў на настаўніцу.

Біяграфія:

Ігар Карпенка нарадзіўся ў 1964 годзе ў Новакузнецку Кемераўскай вобласці Расейскай Федэрацыі. У 1989 годзе скончыў Менскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М. Горкага, у 2008 годзе – Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У 1982-1984 гадах служыў у войску ў Маскоўскай вобласці. З 1989 да 1993 года быў сакратаром камітэту камсамолу, начальнікам аддзелу выхаваўчай работы Менскага дзяржаўнага педагагічнага інстытуту імя А.М. Горкага.

У 1993-1995 гадах – начальнік аддзелу выхаваўчай працы Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту. З 1995 па 2001 год займаў пасаду начальніка аддзелу выхаваўчай працы, начальніка ўпраўлення выхаваўчай працы Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту імя М. Танка. У перыяд 2001-2003 гадоў быў начальнікам упраўлення выхаваўчай працы БДПУ, у 2003-2004 гадах – прарэктар па выхаваўчай і сацыяльнай рабоце.

З 2004 да 2008 года зʼяўляўся чальцом Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сямʼі і моладзі. У 2008-2011 гадах – намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

З 2011 года да гэтага часу займаў пасаду намесніка старшыні Менскага гарадскога выканаўчага камітэту.

МЯ, паводле belta.by

Стужка навінаў