Lenta.ru: «У Беларусі актывізаваліся добраахвотніцкія абʼяднанні нацыяналістаў»


24 студзеня ў сядзібе партыі БНФ распачнецца дабрачынны марафон «Дапамажы беларускаму салдату». Пра акцыю напісаў папулярны расейскі інтэрнэт-рэсурс lenta.ru.

«Месяцаў некалькі таму я агучыў ініцыятыву па зборы сродкаў для беларусаў, што ахвяруюць сваімі жыцьцямі ва Украіне.. Усё, што маюць #беларусынавайне – гэта тое, чым ім дапамагаюць валанцёры. Таму часта нашыя сябры думаюць нават пра тое, чым харчавацца ці за што здымаць кватэру пад час ратацыі. Ведаючы цяжар гэткай сітуацыі я паабяцаў 25% месяцовага заробку і адклаў для беларусаў 250 уё. Цяпер я мяркую, што адпачыўшы пасьля Калядных сьвятаў мы можам усе разам падумаць, як дапамагчы тым, хто сустракаў Божае нараджэньне ў акопах пад расейскім абстрэлам», – напісаў лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч, анансуючы акцыю на сваёй старонцы ў «Facebookʼу».

У канцы мінулага года «Малады фронт» заснаваў ваенна-патрыятычнае абʼяднанне «Ваяр», нагадвае lenta.ru. Паводле расейскага рэсурсу, абʼяднанне «не толькі актыўна вярбуе прыхільнікаў, але і праводзіць патрыятычныя трэнінгі на адкрытым паветры».

«Дарэчы, з падобных мерапрыемстваў у суседняй Украіне пачыналася дзейнасць забароненай у Расеі экстрэмісцкай арганізацыі «Правы сектар», падкрэслівае lenta.ru.

Аўтар артыкулу дзеліцца з расейскімі чытачамі сваймі развагамі пра тое, як вайна на Данбасе паўплывала на ўнутрыпалітычную сітуацыю ў Беларусі.

«Да нядаўняга часу беларускія нацыяналісты лічыліся маргінальнымі сіламі.. Да ўкраінскага крызісу нацыянальная рыторыка ў рэспубліцы была ўласцівая некаторым палітычным партыям («Беларускі народны фронт») і незарэгістраваным апазіцыйным арганізацыям, якія адкрыта заяўляюць пра сваё непрыязнае стаўленне да Расеі. Аднак вайна на Данбасе змяніла сітуацыю. Пад лозунгамі «Без свабоднай Украіны не будзе свабоднай Беларусі!» на Украіну хлынулі добраахвотнікі, якія актыўна падтрымлівае інтэлігенцыя рэспублікі», канстатуе аўтар артыкулу.

Паводле lenta.ru, беларускія «барацьбіты за нацыянальнае адраджэнне» мяркуюць, «што рэспубліцы трэба вярнуць «гістарычную» назву «Літва», бо «беларускі народ зʼяўляецца нашчадкам гісторыі Вялікага княства Літоўскага і ліцвінаў». Таксама патрыёты лічаць спрадвечна беларускімі шэраг сучасных тэрыторыяў Расеі, Літвы ды Польшчы».

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў